Турыстычны патэнцыял раёна прадстаўлялі на ХIV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне

Важнае Спорт і турызм

Фестываль нацыянальных культур, які праводзіўся ў горадзе Гродне 7-9 чэрвеня – гэта цікава, пазнавальна, крэатыўна, весела.

Слоў можна падабраць мноства, і ўсе яны выкажуць агульную думку ўдзельнікаў – хочацца наведацца туды яшчэ і яшчэ раз.

Дзятлаўскі турінфацэнтр удзельнічаў у фестывалі ўпершыню: мы ж маладыя, адчыніліся толькі ў жніўні мінулага года. Але спадзяёмся, што раскрылі турыстычны патэнцыял раёна годна. Пляцоўка працавала ў рамках выставы “Беларусь вачыма турыста” 7 і 8 чэрвеня. На ёй былі прадстаўлены новыя друкаваныя выданні цэнтра: лістоўкі і буклеты, прайс-лісты з маршрутамі турыстычных падарожжаў па Дзятлаўшчыне, кнігі “Дзецям пра турызм” і “Дзятлаўскі раён: мінулае і сучаснае”, сувенірныя вырабы.

Наведвальнікі маглі рашыць красворды і даведацца пра самыя знакавыя турыстычныя аб’екты раёна, скласці каляровыя пазлы  па кірунках развіцця турыстычнага патэнцыялу малой радзімы – Дзятлаўшчына гераічная, незвычайная, таямнічая і гасцінная, а таксама атрымаць прыз за кемлівасць і інтэлект.

На адной пляцоўцы з намі працавалі прадстаўнікі санаторыя «Радон», якія дэманстравалі магчымасці санаторна-курортнага лячэння на Дзятлаўшчыне.

Фестываль і ўдзел у ім – гэта добрая магчымасць на людзей паглядзець і сябе ацаніць, каб бачыць перспектыву і ўпэўнена рухацца наперад, захапляючы ўсё новых і новых турыстаў непаўторнасцю дзятлаўскай зямлі.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga