Нам даверана памяць. Лёс маёй сям’і – гісторыя нашай Радзімы

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У рэдакцыю газеты даслаў ліст Валерый Ходар, дзяцінства і юнацтва якога прайшлі на Дзятлаўшчыне.

Ён захацеў расказаць землякам пра жыццё сваёй сям’і, у якім ёсць і шчасце, і гора, і звычайныя працоўныя будні. Ён лічыць, што яго лёс і лёс яго сям’і – гэта і ёсць гісторыя нашага народа, гісторыя нашай Радзімы.

Я нарадзіўся пасля вайны, у 1948 годзе. Як нашы бацькі, так і мы, іх дзеці, пазналі цяжкую сялянскую працу. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, усе жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму.

Жылі пасля вайны і ў 50-я гады бедна. Вясковы стол ніколі не абыходзіўся без дранікаў або бліноў. Самымі папулярнымі ў пасляваенны час былі ржаныя бліны. Вельмі смачны быў бульбяны блін з пакладзеным на яго кавалкам здору. Варылі зацірку, крупнік, капусту, бацвінне. А які духмяны і смачны хлеб з печы. Прапаленая печ была аддушынай для дзяцей, якія ў суровыя, халодныя зімы забіраліся туды і пры газавай лямпе чыталі, вучылі ўрокі.

Каб пракарміць нашу вялікую сям’ю з сямі душ (бацька, маці і пяцёра дзяцей – Санік, Іван, Аня, Валерык і Толік), прыходзілася працаваць усім увесь светлы дзень. Бацька ад цямна да цямна быў на рабоце. Мама даглядала дамашнюю гаспадарку, выхоўвала дзяцей, а таксама хадзіла ў калгас. У той час арганіку па полі раскідвалі віламі, збожжа жалі сярпамі. І сёння ўспамінаю калгасныя буракі, кожнай сям’і давалі “дзялку”. Асабліва цяжка было палоць у іх зелле. Нават мы, вучні Таркачоўскай школы, у час летняй практыкі атрымлівалі па некалькі радкоў буракоў.

У дамашняй гаспадарцы трымалі карову, свіней, авечак, трусоў, розную хатнюю птушку. Гэта давала малако, сыр, масла, смятану, яйкі, мяса, сала. Жылі мы на хутары, каля хаты быў кавалак зямлі. Там сеялі збожжа, садзілі бульбу, агародніну, меўся добры сад. У лесе збіралі грыбы, ягады. На зіму з усяго гэтага рабілі нарыхтоўкі. У каморы стаялі кадкі з засоленымі грыбамі, памідорамі, агуркамі, мочанымі яблыкамі, шаткаванай і ў галоўках капустай.

Да пачатку 60-х гадоў паціху пераадолелі беднасць. Дзеці адзін за адным папаўнялі рады Таркачоўскай школы. Бацькі строга сачылі за іх вучобай. Усе вучыліся добра, і бацькі заўсёды былі ў пашане. За нараджэнне, догляд і выхаванне пецярых дзяцей мама была ўзнагароджана “Медалём мацярынства”.

Дваццацігадовым хлопцам майго бацьку Трафіма прызвалі ў польскую армію, дзе ён служыў у кавалерыі. На ўсё жыццё служба там прывіла яму любоў да коней. А яшчэ менавіта ў войску ён даведаўся аб нацыянальна-вызваленчым руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Калі бацька вярнуўся дадому, уключыўся ў падпольную работу: хадзіў на тайныя масоўкі, якія праводзілі падпольныя работнікі партыі (КПЗБ) у раёне могілак каля вёскі Галаўлі. Лістоўкі і газеты тайна распаўсюджваліся сярод насельніцтва.

За падпольную дзейнасць восенню 1936 года бацька быў арыштаваны і трапіў у Навагрудскую турму разам з суседам па хутарыКосцем Гарбачом. Пазней той расказваў, як паліцаі пасадзілі іх у халодны падвал, есці амаль не давалі, піць – рэдка. На допытах збівалі палкамі,але, не дабіўшыся ніякіх прызнанняў, праз тыдзень адпусцілі. Нездарма Навагрудскую турму, якая вызначалася асаблівай жорсткасцю, у народзе празвалі “катоўняй”.

18 верасня 1939 года Дзятлава было занята Чырвонай арміяй і вызвалена ад акупацыі польскіх капіталістаў. Пачалі стварацца калгасы, кудысялянская гаспадарка бацькі ўступіла адной з першых. Ужо на пачатку свайго існавання калгасы дабіліся ў сельскагаспадарчай вытворчасці высокіх паказчыкаў. Так, для ўдзелу ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве ў 1941 годзе былі накіраваны прадстаўнікі пяці гаспадарак Дзятлаўшчыны. Сярод дэлегатаў быў і Трафім Іосіфавіч Ходар, калгаснік калгаса “1-га Мая”.

У сярэдзіне чэрвеня 1941 года дэлегацыя адправілася ў Маскву. А па дарозе з выставы дамоў пачулі жудасную навіну: фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Калі бацька ў канцы чэрвеня дабраўся дамоў, іх мясцовасць ужо была поўнасцю акупіравана.

Адразу пасля акупацыі на тэрыторыі Лідскага, Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў пачалі ўтварацца партызанскія атрады. Адзін з іх – “Кастрычніцкі” пад камандаваннем Віктара Панчанкава. Бацька стаў тайным сувязным атрада.

У вёсцы Ігольнікі, каля Навагрудка, замужам жыла цётка Тэкля, родная сястра мамы. Туды бацькі ездзілі на кані наведаць родзічаў. Але ў бацькі была задача сустрэцца з Сашкам (на жаль, прозвішча не захавалася). Ён служыў у паліцыі, аднак здабываў і перадаваў важныя звесткі для партызан. Дзейнасць Сашкі потым была раскрыта немцамі, і яго расстралялі ў маі 1944 года.

Сувязь з партызанамі ледзь не скончылася трагедыяй і для нашай сям’і. Было гэта ў канцы красавіка 1944 года. Хутар акружыла група ўзброеных мужчын. Уварваліся ў хату і пачалі шукаць бацьку. Маму з дзецьмі вывелі на двор і паставілі ў рад каля гумна. Старэйшы групы загадаў падрыхтаваць ружжы. Сямігадовы Санік, уціснуўшы галаву ў плечы, тросся ад страху, маленькі Іван прытуліўся да мамінай нагі, а на руках мама трымала трохмесячную Ганну. Здавалася, усё, канец. Але раптам прыбег дзед Гальяш Багдан, сусед па хутары. Адышоўшы, яны пра нешта гаварылі з камандзірам. Загад страляць быў адменены. Візіцёры абшарылі каморы, гумно, хлеў, хату. З хлява вывелі жарабя, прывязалі да плоту і стрэлілі некалькі разоў у галаву і шыю. Затым пагрузілі жывёлу ў брычку, забралі таксама частку зерня, кажух, конскую збрую, ускочылі ў сёдлы і падаліся ў бок Наваельні. Мама гаварыла, што гэта былі казакі, “уласаўцы”. Вядома, што для падаўлення партызанскага руху ў пачатку 1944 года ў Дзятлаўскі і Навагрудскі раёны пачалі прыбываць атрады казакоў. Іх фарміраванні стаялі ў Навагрудку, Кусціна, Кашалева, Зароі, Наваельні, Стараельні. Менавіта ў гэты перыяд было абрабавана, замучана і забіта шмат мясцовых жыхароў. Іх атрады складалі здраднікі, паліцаі, ронаўцы, уласаўцы. Вось і лютавалі, адчуваючы імклівае набліжэнне з усходу войскаў Чырвонай арміі.

У маі 1944 года па паводзінах немцаў, казакоў і іх прыслужнікаў, а таксама ад партызан стала вядома, што Савецкая армія перайшла ў рашучае наступленне. Лінія фронту з кожным днём рухалася на захад. Сярод казакоў і ім подобных здраднікаў пачаўся страх. У канцы мая і пачатку чэрвеня яны сталі паспешна збірацца са сваім скарбам (у многіх былі сем’і) і падавацца ў бок Дварца і Дзятлава. 5 ліпеня 1944 года другі Беларускі фронт пад камандаваннем генерала Г. Ф. Захарава пачаў наступальную аперацыю ў напрамку Навагрудак – Ваўкавыск – Беласток. З 7 па 10 ліпеня савецкія войскі вялі баі на тэрыторыі Дзятлаўшчыны і 10 ліпеня стаў днём вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 680-ы полк 169-й стралковай Рагачоўскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Ф. А. Вяроўніка падышоў да станцыі Наваельня. Каля 3 гадзін ночы пачаўся бой, і ў 4 гадзіны раніцы полк авалодаў Наваельняй.

8 ліпеня 1944 года Дзятлаўскім ваенкаматам бацька быў прызваны ў Чырвоную армію. Ён стаў стралком 858-га стралковага палка 283-й стралковай дывізіі. Ваяваў на 2-м і 3-м Беларускіх франтах.

У баі за вёску Эшэнау ў лютым 1945 года Трафім Ходар атрымаў раненне, але, зрабіўшы сабе перавязку, зноў вярнуўся ў строй. Быў удастоены ордэна Славы ІІІ ступені. У канцы сакавіка 1945 года бацька зноў быў цяжка паранены і кантужаны, знаходзіўся на лячэнні ў эвакашпіталі. Прызнаны інвалідам Вялікай Айчыннай вайны ІІ групы.

У канцы жніўня бацька вярнуўся дадому. Указальны палец назаўсёды застаўся незгінальны, а на працы яму трэба было шмат пісаць і лічыць. Так і пісаў, заціснуўшы аловак або ручку паміж вялікім і незгінальным указальным пальцам, а лічыў, перакідваючы гэтым пальцам касцяшкі на лічыльніку.

З першых пасляваенных дзён і да канца свайго жыцця бацька працаваў у розных сферах дзейнасці. Быў старшынёй Навасёлкаўскага сельскага савета, загадчыкам млына, брыгадзірам таркачоўскай паляводчай брыгады калгаса “Беларусь”, загадчыкам склада паліва, вартаўніком на конеферме.

У 60-х і 70-х гадах пачаўся масавы пераезд з хутароў у цэнтры. У 1969 годзе бацька пераехаў у Наваельню і пабудаваўся каля моста на Дварэц. Каля хаты працякала рака Ятранка. Маці ад радасці плакала, бо за амаль 40 гадоў жыцця на хутары вада была самай цяжкай праблемай выжывання. У асенне-вясенні перыяд карысталіся дажджавой вадой, зімой – топленай са снегу. Яна выкарыстоўвалася для бытавых патрэбаў і ў гаспадарцы. Для прыгатавання ежы і піцця хадзілі па ваду ў калодзеж да дзядзькоў Ігнася і Анатоля (а гэта больш за кіламетр у адзін бок).

Вось так і жылі ў голадзе і барацьбе. Барацьбе не толькі супраць ворага, але і за жыццё.

У лістападзе 1998 года не стала Трафіма Іосіфавіча, у лістападзе 2006-га – Сафіі Іванаўны. Усё сваё жыццё яны аддалі Радзіме, роднай зямлі, дзецям, будучыні.

Валерый ХОДАР,
пенсіянер

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: