“Патрыёт.by”: у Станіслава Якаўчыка дыплом ІІ ступені

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Моладзевыя праекты.

На базе Гродзенскага цэнтра тэхнічнай творчасці прайшоў абласны этап конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай скіраванасці “Патрыёт.by”. Удзел у ім прымалі 74 работы навучэнцаў з розных куткоў Прынёмання. Уладальнікамі прызавых дыпломаў сталі трое нашых маладых землякоў.

Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Вялікай Перамогі нягаснучае святло” ўзроставай катэгорыі 16-21 гадоў адзначаны адзінаццацікласнік Станіслаў Якаўчык з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя Іосіфа Філідовіча за інтэрнэт-сайт “Якая зведала фашысцкую няволю” (педагог Алена Дварчанін).

– На гэту работу мяне натхніў удзел у міжнародным праекце “Цягнік Памяці”, – прызнаецца Станіслаў. – Калі я пабываў у самых значных гарадах Расіі, дзе праходзілі важнейшыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, быў вельмі ўражаны. Вярнуўшыся на Радзіму, зразумеў, што і ў маёй сям’і ёсць чалавек, які быў жывым сведкам ваеннага ліхалецця, перанёс усе пакуты і выпрабаванні пазбаўлення волі. Гэта была мая прабабуля, якую мне яшчэ пашчасціла застаць у жывых. Я мала што памятаю з яе аповедаў, аднак мая мама прабабуліну гісторыю ваеннага жыцця ведае на памяць, так і ўзнікла ідэя паўдзельнічаць у конкурсе “Патрыёт.by”. Разам з педагогам Аленай Генадзьеўнай Дварчанін і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыяй Мікалаеўнай Шавель я збіраў і апрацоўваў інфармацыю, якая тычылася маёй прабабулі – Марыі Васільеўны Фабішэўскай (Карповіч). У 1943 годзе яна трапіла ў канцэнтрацыйны лагер Кавіолі, які знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Эстоніі. Прабыла там каля паўтара года. Не раз пры жыцці яна хацела забыць гэты час, асабліва калі да яе прыставалі з пытаннямі. Пасля вайны мая прабабуля працавала ў калгасе “Раготна”, неаднаразова з’яўлялася пераможцай сацыялістычных спаборніцтваў, яе імя было занесена і на раённую Дошку гонару. У Марыі Васільеўны засталося шмат узнагародаў, якія яна атрымала ў мірны час за сваю нялёгкую працу, у тым ліку Ордэн працоўнага Чырвонага Сцяга, аднак сярод іх ёсць і памятны нагрудны знак “Вязень нацызму”.  

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі Станіслава ЯКАЎЧЫКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga