Дамініка Філідовіч: “Мы ўдзячны за мір на нашай зямлі”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Радасць сустрэч жыхарам Дзятлаўшчыны прадаўжае дарыць мірная і светлая юбілейная акцыя “Равеснікі вызвалення”, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

У рамках праекта творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці з песнямі і віншаваннямі наведаў многіх землякоў, якія сёлета адзначаюць свой 80-ы дзень нараджэння.

На гэты раз гасцей сустракала юбілярка з вёскі Шаршні – Дамініка Філідовіч і яе блізкія. З найлепшымі пажаданнямі і яркай музычнай паштоўкай да Дамінікі Валер’еўны завіталі Іван Кашко, Святлана Венская, Ірына Бакшук. Яны зычылі імянінніцы здаровага даўгалецця, сагрэтага пяшчотай родных людзей, шчасця, дабрабыту, каб кожны новы дзень прыносіў толькі добрыя весткі і падзеі.

Дамініка Філідовіч расказала гасцям сваю жыццёвую гісторыю. Нарадзілася равесніца вызвалення ў 1944 годзе ў вёсцы Борці Шчучынскага раёна ў простай сялянскай сям’і. Бацькі, хоць непісьменныя, але мудрыя людзі, змаглі прывіць сваім дзецям высокія маральныя і духоўныя прынцыпы. Гэтаму спрыялі сама атмасфера, традыцыі, якія панавалі сярод жыхароў Борцяў. Напрыклад, штогод у маі па вечарах вяскоўцы збіраліся, каб памаліцца за здароўе, мір, дабрабыт. Ад кожнай сям’і абавязкова прыходзіў адзін прадстаўнік. Ад Пракаповічаў хадзіла самая малодшая з пецярых дзяцей, сціплая і паслухмяная па натуры Дамініка.

Ці варта казаць, што ў пасляваенныя гады ўсе жыхары сельскай глыбінкі ад малога да старога шмат і цяжка працавалі. Пракаповічы жылі на хутары, трымалі вялікую гаспадарку, дзеці поруч з бацькамі выконвалі бытавыя справы з раніцы да вечара, а па вечарах жанчыны садзіліся за рукадзелле – ткалі, вязалі, вышывалі. Дамініка вельмі любіла такія хвіліны, умела ўпраўлялася з ніткамі і іголкай, пазней у дарослыя гады ў яе праявіўся талент да пашыву адзення, таму доўгі час, аж да яго закрыцця, яна працавала швачкай у пункце Дома быту вёскі Дзямянаўцы, потым да самай пенсіі – сацыяльным работнікам.

З будучым мужам Іванам Філідовічам юная прыгажуня пазнаёмілася на танцах у Дзямянаўцах, калі гасцявала ў брата. У хуткім часе маладыя пажаніліся. У сям’і нарадзілаіся дзве дачкі і сын, а сёння Дамініка Валер’еўна шчаслівая бабуля сямі ўнукаў і шасці праўнукаў.

Калі размова заходзіць аб духоўных каштоўнасцях, Дамініка Філідовіч не стамляецца паўтараць галоўную з пазіцыі яе жыццёвага вопыту ісціну:

– Як цябе выхавалі, так і складзецца лёс. Свой духоўны набытак мы ўсе атрымліваем у сям’і. Дзецям з матуліным малаком трэба перадаваць глыбокую пашану адно да аднаго. Клапатлівае шэфства павінна быць не толькі ў старэйшых над малодшымі, але і ў малодшых, – калі старэйшым неабходна дапамога. Калі ў сям’і лад і падтрымка, то і матэрыяльныя пытанні вырашаюцца, знаходзіцца выйсце з самых складаных сітуацый. А калі паміж блізкімі непаразуменне, то і з пазалочанага посуду абедаць за стол не сядуць. Таму не губляйце самага галоўнага – духоўнай сувязі. Пераадолець цяжкасці, знайсці выйсце з бязвыхаднай сітуацыі можна, калі ты не адзін.

– Мама і ў шаноўным узросце з усіх сіл стараецца, каб ніхто з сям’і не адчуваў сябе адзінокім, пакрыўджаным, абдзеленым яе ўвагай, клопатам, пяшчотай, дабрынёй, – расказала пра Дамініку Валер’еўну яе дачка Алена Жадзейка. – Яна імкнецца, каб у шчаслівыя ці горкія эмацыянальныя моманты мы радаваліся і суперажывалі разам. Колькі разоў чулі ў бацькоўскім доме мудрыя словы: “Як ты хочаш, каб да цябе адносіліся людзі, так сам да іх адносся”. За шмат гадоў работы на ніве адукацыі і грамадскай дзейнасці я не раз пераконвалася ў іх праўдзівасці, упэўнілася, што дабро вяртаецца, аптымізм надае сілы, цікавыя ідэі “распрамляюць” крылы. Навучыла нас мама і гасціннасці: “Госць – на парог, гаспадыня – за пірог! А калі няма пірагоў, то, як кажуць, чым багаты”.

У доме, дзе жыве сям’я Дамінікі Філідовіч, заўсёды цёпла і гасцінна, усе, хто прыходзіць сюды, адчуваюць атмасферу добразычлівасці, шчодрасці, дабрыні, становіцца зразумела, што тут сабраліся людзі, якія ўмеюць цаніць галоўныя каштоўнасці.

– Мы ўдзячны за мір на нашай зямлі, – ад імя пакалення равеснікаў вызвалення зазначае юбілярка. – Асабліва ўдзячны нашаму Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за яго прынцыповую пазіцыю, дабрабыт і спакой беларусаў. Нам ёсць з чым параўноўваць, бо на ўласным вопыце ведаем, як нялёгка раней жылося ў вёсцы.

Сучаснай моладзі Дамініка Валер’еўна пажадала цаніць і берагчы ўсё, што маем, шчыра любіць сваіх блізкіх і не схіляць галовы перад цяжкасцямі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі арганізатараў праекта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga