Дзятлаўшчыну прадставяць “Знайкі” і “Марыа”

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прайшоў раённы этап рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі квіз”.

Сустрэча каманд-удзельніц ладзілася ў анлайн-рэжыме. У галоўнай студыі, якая знаходзілася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, каманды ацэньвала журы пад старшынством метадыста Цэнтра, старшыні раённага савета ГА “БРПА” Ірыны Мішчанкі.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы ладзіліся для дзвюх узроставых катэгорый навучэнцаў – акцябратаў 9-10 гадоў і піянераў 10-13 гадоў. Гульня складалася з шасці асноўных тураў і рызыка-тура. За перамогу ў гульні і права прадстаўляць Дзятлаўскі раён на абласным этапе ва ўзроставай катэгорыі 9-10 гадоў змагаліся 12 каманд піянерскіх дружын установаў агульнай сярэдняй адукацыі горада і раёна. Акцябраты ў тэматычных турах “Матэматычны патруль”, “У гасцях у казкі”, “У свеце прафесій”, “Музычная старонка”, “Хутка Новы год”, “Дружныя рабяты” разгадвалі рэбусы і лагічныя задачкі з матэматычным ухілам, узгадвалі любімыя мультфільмы, казкі, навагодніх герояў, прафесіі.

Па суме набраных балаў пераможцамі раённага этапу рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі квіз” у малодшай узроставай катэгорыі сталі акцябраты з каманды “Знайкі” піянерскай дружыны імя М. Марозавай сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава; каманда “Мядзведзі Гамі” дружыны “Піянерская галактыка” Гезгалаўскай сярэдняй школы заняла другое месца; тройку лідараў замкнула каманда “Знатакі” піянерскай дружыны імя Я. Фогеля сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

У старэйшай узроставай катэгорыі змагаліся 9 каманд піянерскіх дружын установаў агульнай сярэдняй адукацыі горада і раёна. Піянеры паспаборнічалі ў тэматычных турах “Сусвет Гары Потэра”, “Моцна любіш спорт – дакажы”, “Што ты ведаеш пра гісторыю Беларусі?”, “Дзе логіка?”, “Сябры чалавецтва”, “Навагодні”.

У гэтай узроставай катэгорыі па выніках усіх тураў пераможцай раённага этапу спаборніцтваў стала каманда “Марыа” дружыны “Піянерская галактыка” Гезгалаўскай сярэдняй школы; на другім месцы каманда “Maximum” піянерскай дружыны імя В. Адамчыка Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы; трэцяе месца ў каманды “Іскрынкі” піянерскай дружыны імя А. Шылава Новаяльнянскай сярэдняй школы.

6 лютага таксама ў анлайн-рэжыме каманды “Знайкі” і “Марыа” прадставяць наш раён на абласным этапе рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі квіз”.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Ірынай МІШЧАНКА