Да поўнага выздараўлення

Важнае Грамадства

У трэцюю нядзелю чэрвеня сваё свята адзначаюць прадстаўнікі адной з самых чалавечных і высакародных прафесій – медыцынскія работнікі.

Яны не толькі зычаць усім моцнага здароўя, але і напэўна ведаюць, як гэта пажаданне ажыццявіць на практыцы.

Не менш важным, чым папярэджанне і лячэнне захворванняў рознага профілю, з’яўляецца аднаўленне здароўя пасля хваробы. Такой няхуткай, скрупулёзнай і настойлівай работай займаюцца ў аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Тут, без перабольшання, ставяць людзей на ногі. Аб тым, як гэта адбываецца, расказала загадчыца аддзялення, доктар-рэабілітолаг Вольга Калодка.

– Сутнасць работы нашага аддзялення ў аказанні рэабілітацыйнай дапамогі пацыентам, у якіх у выніку захворванняў парушыліся функцыі арганізма і як вынік – была абмежавана жыццядзейнасць. Вялікая доля наведвальнікаў аддзялення – людзі, якія маюць інваліднасць або пагрозу яе, – расказвае Вольга Іванаўна. – Толькі за мінулы год праз наша аддзяленне “прайшлі” 9148 чалавек. Найчасцей дапамога ў рэабілітацыі патрабуецца пацыентам пасля перанесеных захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, інсультаў галаўнога мозгу і інфарктаў, тым, хто перанёс розныя траўмы і пераломы. Як правіла, прызначаецца адразу некалькі працэдур у комплексе, складаецца план і праграма рэабілітацыі ў залежнасці ад паказанняў, што будзе найбольш эфектыўным для аднаўлення арганізма.

Сёння ў састаў аддзялення ўваходзяць зал лячэбнай фізічнай культуры, кабінеты фізіятэрапіі (электралячэнне, мікрахвалевае лячэнне, лазерная тэрапія, інгаляторый), цеплалячэння, масажныя кабінеты. Тут занятыя інструктар ЛФК, 3 масажысты і 8 медыцынскіх сясцёр, у арсенале якіх традыцыйныя метады рэабілітацыі і сучасныя тэхналогіі, нават масажнае крэсла, на якім курс працэдур можна атрымаць за сімвалічную плату.

– Працуем па паказаннях і назначэннях дактароў, – расказвае загадчыца аддзялення. – Добрыя вынікі паказвае магнітатэрапія, лазерная тэрапія, ультрагук, “Біяптрон”, найбольш эфектыўныя ў сукупнасці з іншымі метадамі рэабілітацыі, такімі як масаж, гразелячэнне (расходнікі для яго набываем у санаторыі “Радон”), лячэбная фізкультура. Сярэдні курс рэабілітацыі вагаецца ў межах 10 сеансаў, аднак дзеянне многіх фізічных фактараў захоўваецца на працягу 2-3 месяцаў пасля курса, а то і да паўгода (як, напрыклад, пасля лячэння парафінам), запускаючы працэсы аднаўлення.

– Ці могуць да вас патрапіць людзі па ўласным жаданні, якім, напрыклад, спатрэбіўся курс масажу?

– Ёсць пералік працэдур, якія мы адпускаем бясплатна згодна з клінічнымі пратаколамі лячэння. Астатнія можна атрымаць на платнай аснове, аднак усё адно пасля абследавання і назначэння доктара. Так разам мы хутчэй дасягнём пастаўленай мэты.

– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?

– Віншую калектыў аддзялення і ўсіх калег з надыходзячым прафесійным святам. Жадаю моцнага здароўя, поспехаў у працы, каб усё атрымлівалася і ладзілася. Усяго самага найлепшага!

У аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі што ні кабінет – то кветнік, дзе ветлівыя, уважлівыя медыцынскія работнікі і працэдуру адпусцяць, і добрым словам, шчырай усмешкай абагрэюць. Яны расказалі крыху пра сябе і павіншавалі ўсіх прафесіяналаў сферы з Днём медыцынскіх работнікаў.

Вольга Дораш, інструктар ЛФК, 15 гадоў у медыцыне. Напэўна ведае, што рух – гэта жыццё, а часта і хуткі шлях да выздараўлення.

– Шчыра віншую ўсіх медыцынскіх работнікаў з прафесійным святам. Поспехаў, дабрабыту, моцнага здароўя, ладу ў сям’і і мірнага неба над галавой. Беражыце сябе і блізкіх.

Аксана Гаспяровіч, Ганна Райдзюк медыцынскія сёстры кабінета электралячэння, маюць 58 гадоў медыцынскага стажу на дваіх. Самая лепшая ўзнагарода за работу для іх – паляпшэнне самаадчування, павышэнне настрою і хуткае выздараўленне пацыентаў.

– У дзяцінстве бацькі прыводзілі на працэдуры, мне так усё там падабалася: прыборы, кабінкі, гадзіннічак, уважлівасць медыцынскага персаналу, – узгадвае Аксана Віктараўна. – Была вельмі рада, калі прыйшла на першае працоўнае месца і атрымала размеркаванне ў гэтае аддзяленне. Збылася мая дзіцячая мара.

Разам з калегай яны жадаюць медыцынскім работнікам здароўя, радасці ад жыцця, удзячных усмешак і сямейнага дабрабыту.

Зінаіда Сапега, медыцынская сястра па фізіятэрапіі, 22 гады прысвяціла медыцынскай справе. Упэўнена, што выздараўленне ідзе найхутчэй, калі пацыент і медработнік разам нацэлены на агульны вынік.

– Жадаю калегам быць здаровымі, не губляць аптымізму і мэтанакіраванасці. Усім – прафесійнага росту, матэрыяльнага дабрабыту, павагі калег і любові родных людзей. Няхай па жыцці ўсё складваецца цудоўна.

Аліна Марцінчык, медыцынская сястра па фізіятэрапіі, бяззменная работніца кабінета № 3 аддзялення рэабілітацыі на працягу 32 гадоў. Любіць сваю работу за тое, што можа дапамагаць людзям і бачыць станоўчы вынік сваёй працы.

– Няхай усе медыцынскія работнікі, і не толькі яны, будуць здаровыя, шчаслівыя на рабоце, у сям’і і грамадстве. Міру на зямлі і ў сэрцы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga