Тэхагляд: што важна ведаць

Грамадства Свежыя навіны

Разам з начальнікам Дзятлаўскай дыягнастычнай станцыі “Белтэхагляд” Алегам Урбановічам адказваем на простыя, але актуальныя пытанні аб тым, як прайсці тэхагляд у 2021 годзе.

– У якім рэжыме працуе станцыя тэхагляду ў Дзятлаве? Як тут прайсці тэхагляд?

– З пачатку новага года каля 500 транспартных сродкаў прайшлі тэхагляд у Дзятлаве. Рэкорд быў зафіксаваны ў першы дзень працы – 97 наведвальнікаў. Цяпер працуем у штатным рэжыме, прымаем на тэхагляд каля 50 транспартных сродкаў за дзень. Сёння прайсці тэхагляд можна па папярэднім запісе або ў парадку жывой чаргі.

– Ці патрэбна, праходзячы тэхагляд, аплачваць “допуск да руху” траспартнага сродка?

– З 1 студзеня 2021 года адменена дзяржаўная пошліна за атрыманне дазволу на допуск транспартнага сродка да ўдзелу ў дарожным руху. Кантроль за яго аплатай ускладзены на органы падатковай службы (“транспартны падатак”).

– Якія дакументы абавязкова мець пры сабе?

– Вадзіцельскае пасведчанне; пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродка (тэхпашпарт), дакумент, які пацвярджае заключэнне дагавора абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці щладальніка транспартнага сродка.

– Ці правяраюць на станцыі тое, што знаходзіцца ў аўтамабільнай аптэчкі?

– Так, правяраюць. Перад праходжаннем тэхагляду самі ўпэўніцеся, ці не выйшаў тэрмін прыдатнасці медыкаментаў.

– Дзе аплаціць тэхагляд?

– Праходжанне тэхагляду транспартнага сродка можна аплаціць непасрэдна ў касе станцыі “Белдзяржтэхагляд”.

– На якім бланку афармляецца дазвол да ўдзелу ў дарожным руху?

– Мы ўжо маем у сябе новыя бланкі. Аднак дазвол да ўдзелу ў дарожным руху будзе афармляцца найперш на бланках узору 2020 года да поўнага іх выкарыстання.

Наталля АВЯРЧУК