Адбылася рэарганізацыя ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” у Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.
Карэспандэнт газеты сустрэлася з дырэктарам прадпрыемства Алегам Мікалаевічам Спышновым і даведалася ў яго, якія змены адбываюцца на заводзе, што чакае калектыў, як будзе развівацца вытворчасць у бліжэйшыя гады.
– Алег Мікалаевіч, жыхарам Дзятлаўшчыны цікава з вамі пазнаёміцца. Раскажыце пра сябе.
– Нарадзіўся я ў горадзе Магілёве. Скончыў мясцовую беларускую гімназію № 9, паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання па спецыяльнасці інжынер-тэхнолаг перапрацоўкі жывёльнай сыравіны, спецыялізацыя “Малако і малочныя прадукты”. Пасля ўніверсітэта па размеркаванні быў накіраваны ў горад Ваўкавыск Гродзенскай вобласці працаваць на прадпрыемстве па вырабе дзіцячага харчавання – ААТ “Беллакт”. Літаральна адразу ж атрымаў павестку. Служыў у Магілёве ва ўнутраных войсках. Пасля выканання воінскага абавязку вярнуўся на “Беллакт” і адпрацаваў каля дзесяці гадоў. За час работы ў Ваўкавыску стварыў сям’ю, пабудаваў жыллё. Аднак прыйшоў час перамен. Па запрашэнні кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці “Белдзяржхарчпрам” перайшоў працаваць на Гомельскі тлушчавы камбінат галоўным інжынерам. А праз два гады мяне паклікалі ў Расійскую Федэрацыю на буйны завод па вытворчасці сыроў – таварыства на веры “Сыр Стародубский”. Там адпрацаваў таксама каля двух гадоў, затым з-за сямейных абставінаў было прынята рашэнне вярнуцца ў Беларусь. На гэты раз уладкаваўся ў ААТ “Молочный Мир”. Праз чатыры гады працы (напрыканцы 2019 года) мне прапанавалі ўзначаліць ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, куды і быў пераведзены. Шляхам рэарганізацыі з 31 снежня 2019 года Дзятлаўскі сырзавод быў далучаны да адкрытага акцыянернага таварыства “Молочный Мир”, а я стаў дырэктарам Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”.
– Што змянілася для завода, калі ён стаў філіялам?
– Практычна нічога, толькі цяпер юрыдычнай асобай з’яўляецца ААТ “Молочный Мир”. У нас застаўся ўласны разліковы рахунак, ранейшая колькасць работнікаў і структуры продажаў на рынку. Цяпер нарошчваем аб’ёмы вырворчасці і стараемся павялічыць аб’ёмы продажу прадукцыі на экспарт, бо прадпрыемства экспартаарыентаванае. Прадаўжаем развівацца: распрацаваны план мадэрнізацыі на 2020-ы і наступныя пяць гадоў.
– Ці застанецца брэндам дзятлаўскіх сыраробаў гандлёвы знак “Сырная страна”?
– Гэта пытанне вырашаецца. Вядзецца абмеркаванне, ці зрабіць сімбіёз таварных знакаў “Молочный Мир” і “Сырная страна”. Ва ўсялякім разе назва “Сырная страна” застанецца ў назве магазіна.
– А што чакае два фірменныя магазіны завода – “Виктория” і “Сырная страна”, якія працуюць у райцэнтры?
– Фірменны гандаль застанецца, магазіны будуць працаваць у ранейшым рэжыме, на ранейшых умовах: захаваецца былая цэнавая палітыка, некаторыя тавары традыцыйна можна будзе набываць на акцыях. Для жыхароў Дзятлаўшчыны ў гэтых гандлёвых кропках з’явіцца і іншая прадукцыя “Молочного Мира”, яго філіялаў і цэхаў. Будзем таксама заключаць новыя дагаворы на пастаўку рознай прадукцыі, якая карыстаецца попытам у жыхароў і гасцей райцэнтра.
– Ці плануеце выпускаць новыя віды сыру?
– Мы вельмі залежым ад густу спажыўцоў, бо нашы гандлёвыя партнёры арыентуюцца на попыт на рынку. Нават на працягу года густ пакупнікоў мяняецца даволі значна, а сыры, актуальныя два-тры гады таму, сёння могуць стаць непапулярнымі. Мы гатовы мяняць свой асартымент пад патрэбы спажыўцоў: вяртацца да ранейшых відаў сыроў або выпускаць новыя. Пашырэнне асартыменту – абавязковая задача для прадпрыемства, таму новыя віды сыру з’явяцца безумоўна. Ранейшы асартымент прадукцыі, магчыма, скарэктуем на найбольш запатрабаваных пазіцыях у неабходным аб’ёме і асартыменце.
– Якой будзе ваша стратэгія на рынку?
– У нас два шляхі рэалізацыі прадукцыі: экспарт і пастаянныя спажыўцы. Мы не збіраемся губляць ранейшых спажыўцоў і для пашырэння рынкаў збыту прыцягнем пакупнікоў галаўнога прадпрыемства ААТ “Молочный Мир”. Для гэтага неабходна павялічваць аб’ёмы вытворчасці.
У структуры рэалізацыі ўдзельная вага продажаў нашага філіяла на ўнутраным рынку нязначная: не больш за 5 %. А прадукцыя “Молочного Мира” вельмі шырока прадстаўлена на гандлёвых паліцах рэспублікі.
Свае пазіцыі, якія неабходна ўмацоўваць у Беларусі, мы будзем умацоўваць разам з “Молочным Миром”, яго гандлёвымі партнёрамі, а гэта буйныя гандлёвыя сеткі, у тым ліку надзейны партнёр “Молочный Мир – Столица” (буйная гандлёвая арганізацыя ў Мінску).
– Алег Мікалаевіч, якія задачы вы, як кіраўнік, лічыце для сябе першачарговымі?
– Першая – гэта сыравіна. Гаспадарак у Дзятлаўскім раёне няшмат, і малака не хапае для выпрацоўкі пажаданага аб’ёму прадукцыі, таму дадаткова сыравіну закупляем на Слонімшчыне.
Другая задача – загрузіць вытворчасць на 100-110 %. Заяўкі на нашу прадукцыю ёсць, яна запатрабавана і ў Расійскай Федэрацыі, і ў Рэспубліцы Беларусь, але заводу не хапае магутнасці, таму трэба мадэрнізаваць вытворчасць, чым цяпер і займаемся.
Трэцяя задача – пасля загрузкі вытворчасці атрымаць дастойны прыбытак і плаціць калектыву дастойную зарплату.
– Якія важныя змены чакаюць завод у хуткім часе?
– У 2020 годзе збіраемся мадэрнізаваць вытворчасць пад запланаваную загрузку. У бліжэйшыя пяць гадоў – ажыццявіць забеспячэнне завода ледзяной вадой. Патрабуе мадэрнізацыі кацельня прадпрыемства. Даўно стаіць пытанне па будаўніцтве лакальных ачышчальных збудаванняў для забяспячэння патрабаванняў аховы навакольнага асяроддзя. Гэтыя задачы лічым першачарговымі. Яны даволі ёмкія па аб’ёмах работ і капіталаўкладанні, таму размеркаваны на пяцігодку.
Таксама ў планах ажыццявіць рамонт прыточна-выцяжной вентыляцыі ў асноўных вытворчых цэхах, абнавіць аўтатранспартны парк, мадэрнізаваць прыём малака, пабудаваць новую мыйку малакавозаў і склад гатовай прадукцыі (масла і мяккіх сыроў). Задумак шмат, і будзем паступова вырашаць пастаўленыя намі задачы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup