Вадзім Бялятка: “На кожным з нас ляжыць адказная задача”

Важнае Улада

У Магілёве прайшоў Форум медыйнай супольнасці Беларусі, удзел у якім прымалі дэлегаты Дзятлаўскага раёна.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:

– На форуме сёлета сустрэліся не толькі журналісты, але і эксперты па камунікацыях, ідэалагічны актыў, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія курыруюць пытанні сферы, – адным словам, спецыялісты, якія ва ўсіх кутках нашай краіны “транслююць” праўдзівыя факты, супрацьстаяць наплыву лжывай інфармацыі, а часам і адкрытым фэйкам, з’яўляюцца лідарамі меркаванняў, якім вераць людзі, на якіх раўняюцца.

Мне цікава і прыемна было пабываць на мерапрыемстве такога маштабу, з першых вуснаў ад палітыкаў і аналітыкаў пачуць аналіз стану спраў як у рабоце сродкаў масавай інфармацыі, так і ўнутры- і знешнепалітычную сітуацыю для Беларусі ў цэлым.

У час выступленняў спецыялістаў яскрава адчуў, што ўсе мы, ад органаў улады, ідэалагічнага актыву да радавых журналістаў працуем “у адной звязцы”, на кожным з нас ляжыць адказная задача – берагчы мір і спакой у роднай краіне, захоўваць яе самастойнасць, незалежнасць, праўдзівую гісторыю і нацыянальныя традыцыі.

Зноў прагучалі такія паняцці, як “інфармацыйная вайна”, “ментальная вайна”, “постпраўда”, “фэйкі”, якіх для нас з вамі літаральна гадоў дзесяць таму проста не існавала. Сёння ж, калі мы хоць на крок адступім ад праўдзівай павесткі ў розных сферах жыцця, не будзем ладзіць сустрэчаў з насельніцтвам, тлумачэнняў, зусім іншыя паняцці і факты, чужую культуру нашым суайчыннікам, нашым дзецям навяжуць тыя, каму не выгадна мець на карце свету няхай і невялікую, але моцную суверэнную Беларусь, якая мае ўласны голас, падтрымлівае палітыку Расіі, з’яўляецца паўнапраўным членам Еўразійскага саюза.

Усё тое карыснае і цікавае, што пачулі на форуме, пастараемся выкарыстоўваць і рэалізоўваць у сваёй рабоце, у паўсядзённым жыцці, расказваць землякам. Свет мяняецца з вялікай хуткасцю, удасканальваюцца тэхналогіі, аднак, як было падкрэслена, сваю важную ролю ў інфармаванні насельніцтва, тлумачэнні многіх тэмаў і пытанняў прадаўжаюць захоўваць рэгіянальныя СМІ і мясцовыя органы самакіравання. Разам мы закліканы даносіць да людзей праўду, каб у грамадстве захоўваліся мір і стабільнасць, кожны мог якасна працаваць на сваім месцы. Час выбраў нас, і мы павінны навучыцца супрацьстаяць яго выклікам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga