У райвыканкаме. Эканоміка складваецца, аднак і рэзервы для росту ёсць

Важнае Улада

На пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, якое праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, былі разгледжаны тры пытанні.

Вынікі работы за ацяпляльны перыяд 2023-2024 года падвёў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік і акрэсліў задачы па падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона. Адзначыў, што летась у цэлым прадпрыемствы газа-, электра-, цеплазабеспячэння своечасова падрыхтаваліся да работы і наладзілі ўстойлівае і надзейнае забеспячэнне жыллёвага фонду, аб’ектаў сацыяльна-культурнага і бытавога прызначэння, насельніцтва цеплавой і электрычнай энергіяй, палівам. Ацяпляльны сезон праходзіў у штатным рэжыме. Усе аб’екты сацыяльнага прызначэння і жыллёвы фонд бесперабойна забяспечваліся цеплавой энергіяй, тэмпературны рэжым вытрымліваўся, адключэнняў і аварый не зафіксавана. Сёлета распрацаваны праект рашэння, куды ўваходзяць мерапрыемствы для арганізацый Дзятлаўшчыны па падрыхтоўцы аб’ектаў да новага ацяпляльнага перыяду, будзе дзейнічаць спецыяльная камісія па праверцы гатоўнасці, запланаваны абнаўленне тэхнічнай дакументацыі, загадаў, дагавораў, правядзенне рамонтных і абслугоўваючых работ, забеспячэнне неабходнага запасу матэрыяльных рэсурсаў. Своечасовае выкананне плана дасць магчымасць атрымаць пашпарты гатоўнасці, забяспечыць бесперабойны ацяпляльны сезон.

Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў І квартале 2024 года расказалі намеснікі старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская і Віталій Шулейка. Адзначана, што тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях склаў 107,7 % пры заданні 101,8 %. Надоена малака 18 839 тон, на адну карову надой павялічыўся на 253 кілаграмы, найбольшыя прыбаўкі ў СГФ “АграМілк”, ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Хвінявічы”. Прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы выраблена 1089,2 тоны – 107,2 % да аналагічнага перыяду 2023 года. Сярэднясутачныя прывагі – 673 грамы. На 1 красавіка пагалоўе БРЖ у сельгасарганізацыях склала 27 863 галавы (+278). Пагалоўе малочнага статка павялічылася на 227 кароў. За студзень-сакавік 2024 года атрымана 307,5 тоны прадукцыі вырошчвання свіней, гэта 45,9 % да мінулагодняга перыяду. Зніжэнне вытворчасці абумоўлена змяншэннем колькасці пагалоўя і прывагаў. У І квартале забяспечана прыбытковая работа гаспадарак раёна, за выключэннем ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”.

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў за справаздачны перыяд склаў 102,5 % пры заданні 103,2 %. Па аб’ектыўных прычынах не поўнасцю выканалі бізнес-планы ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Аб’ём знешняга гандлю таварамі па Дзятлаўскім раёне склаў 7137,3 тысячы долараў ЗША. Экспарт паслуг – 1115,4 тысячы долараў. Аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі па раёне – 26764,7 тысячы або 107,1 % пры заданні 102,9 %. Прыцягнута 17 802 тысячы рублёў інвестыцый у асноўны капітал.

У цэлым па раёне атрымана 132,1 мільёна рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг, тэмп росту – 118,5 %, прычым, уклад прамысловасці раёна ў гэты вынік складае 67, 2 %. Чыстага прыбытку ў І квартале па раёне атрымана 8,7 мільёна рублёў. Уведзена ў эксплуатацыю 512 квадратных метраў агульнай плошчы індывідуальнага жылля. У цэлым выкананы асноўныя паказчыкі, адсочваюцца станоўчая дынаміка і тэндэнцыя развіцця.

– Кадравае забеспячэнне павінна быць на пастаянным кантролі кіраўнікоў, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Яны нясуць за гэта адказнасць. Што тычыцца зніжэння паступлення інвестыцый, то яно звязана з высокім парогам мінулага года, аднак і сёлета на Дзятлаўшчыне будуецца рад значных аб’ектаў. Асноўныя ж рэзервы для росту арганізацый – гэта зніжэнне затрат. У сельскай гаспадарцы, нягледзячы на некаторыя праблемы ў жывёлагадоўлі, атрыманы станоўчы фінансавы вынік, раён займае някепскую пазіцыю ў рэспубліцы, тэмпы зададзены станоўча, сяўба праведзена своечасова, планы выконваюцца, ёсць кармы, сітуацыя спрыяльная.

Аб выкананні бюджэту раёна ў І квартале 2024 года расказала намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Урбановіч.

Па функцыянальнай структуры асноўную долю ў расходах бюджэту, каля 82 %, займаюць расходы на сацыяльную сферу. Кансалідаваны бюджэт раёна за І квартал 2024 года выкананы з прафіцытам у суме 1300 тысяч рублёў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga