Калі ўкусіла змяя

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Нядаўна ў рэдакцыю прыйшло пісьмо ад чытачкі Аліны Баевай з вёскі Пацавічы. Жанчыну на парозе ўласнага дома ўкусіла змяя.

Дзякуючы хуткай рэакцыі суседзяў і медыкаў Дзятлаўскай ЦРБ, сітуацыя завяршылася без цяжкасцяў. Што трэба адразу рабіць пасля ўкусу змяі, расказаў доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Дзятлаўскай ЦРБ Арцём Орсік:

– Пасля ўкусу гадзюкі трэба неадкладна выдаліць яд з ранкі. Існуюць два спосабы.

Першы – высмактаць яд. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ў вас няма ніякіх ранак у поласці рота, герпетычных высыпанняў або іншых захворванняў, якія парушаюць цэласнасць слізістай абалонкі. Яд можа трапіць у гэтыя ранкі і праз іх – у кроў. Дапамога тады спатрэбіцца не толькі пацярпеламу, але і ратаўніку. Яд варта адсмактаць і сплюнуць. Затым рот трэба прапаласкаць чыстай вадой.

Таксама  выдаліць яд з месца ўкусу можна з дапамогай лёгкіх націсканняў. Калі з’явілася жоўтая празрыстая вадкасць, сукравіца, палохацца не трэба. Так і павінна быць.

Затым ранку трэба прамыць. Лепш за ўсё чыстай вадой. Калі яе няма, можна выцерці чыстай сурвэткай, у тым ліку вільготнай, хусткай або іншым чыстым кавалачкам тканіны.

Пашыраць або разразаць месца ўкусу нельга.

Далей неабходна добра зафіксаваць пашкоджаную канечнасць. Пацярпелы павінен знаходзіцца ў спакойным становішчы, пажадана лежачы. У такім стане пацыент шпіталізуецца ў стацыянар, каб дактары змаглі правесці тэрапію, якая зніжае рызыку развіцця трамбозаў.

Пацярпеламу варта шмат піць. Можна ваду або цёплы чай. Гэта неабходна для таго, каб арганізм лепш спраўляўся з таксінамі. Не лішнім будзе прыняць супрацьалергічны прэпарат.

Аліна Баева шчыра ўдзячна тым, хто выратаваў яе жыццё і захаваў здароўе.

Юлія БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *