Па здароўе – у лазню

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Карысць лазні для арганізма чалавека вядомая са старажытных часоў.

Нашы далёкія продкі правільна лічылі, што рэгулярнае наведванне парыльні дазваляе ўмацаваць здароўе, пазбавіць арганізм ад шкодных рэчываў, захаваць маладосць і падоўжыць жыццё. Яна карысная як для фізічнага, так і для маральнага здароўя, гэта выдатнае месца для таго, каб надаць увагу сабе і свайму целу, аздаравіцца і павысіць настрой. Сапраўдныя аматары лазні сцвярджаюць, што прыняцце ванны ці душа ніколі не падорыць таго ж адчування лёгкасці, чысціні і абнаўлення, як наведванне парыльні. Многія жыхары Дзятлаўшчыны таксама з’яўляюцца аматарамі лёгкай пары.

На балансе Дзятлаўскага РУП ЖКГ знаходзяцца чатыры лазні: у горадзе Дзятлаве, гарадскіх пасёлках Наваельня і Казлоўшчына, аграгарадку Дварэц. У сельскіх гаспадарках раёна працуюць сем лазняў – у аграгарадках Хвінявічы, Круцілавічы, Войневічы, Белагурна, Вензавец, у вёсцы Руда Яварская. У лазні ў аграгарадку Жукоўшчына цяпер ідзе рамонт. Сёлета абнаўленні ўжо адбыліся ў лазнях у Дзятлаве, Наваельні і Казлоўшчыне. Там былі адрамантаваны печы, заменена абшыўка парыльняў, паліцы.

Цэны на наведванне лазняў у раёне даступныя – ад 1 да 6 рублёў, таму па здароўе і добры настрой сюды можна і неабходна хадзіць.

Дзятлаўчане падзяліліся сваімі меркаваннямі, чаму яны наведваюць лазні.

Уладзімір Казак: “У лазню я хаджу часта, люблю менавіта папарыцца. Выходзіш з парыльні – быццам зноў нарадзіўся, адразу адчуваеш, што арганізм аднаўляецца. Лазня для мяне – гэта не проста схадзіць памыцца, гэта турбота аб здароўі. Мне падабаецца, што на наступную раніцу пасля наведвання лазні прачынаешся свежым, поўным сілаў і энергіі”.

Алена Варабей: “Я хаджу ў дзятлаўскую лазню ўжо шмат гадоў. Гэта для мяне не толькі прыемны від адпачынку, але і выдатны спосаб амаладжэння, ачышчэння арганізма. Лазня дапамагае мне адчуць сябе шчаслівым чалавекам, з якога змылі ўвесь негатыў, павышае настрой, дабаўляе бадзёрасці. А пасля лазні абавязкова трэба выпіць травянога чаю, які яшчэ больш падмацуе здароўе”.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ