Напярэдадні прафесійнага свята ў калектыве Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм прайшла ўрачыстасць.
Прадпрыемства наведалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.
Дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык выказаў словы шчырай удзячнасці калегам, ветэранам галіны, пенсіянерам, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі прадпрыемству.
– Работа меліяратараў сёння карыстаецца вялікай падтрымкай дзяржавы, а значыць і з’яўляецца аб’ектам пільнай увагі. Мы павінны адпавядаць, выконваць усе даведзеныя заданні, – звярнуўся да прысутных Віктар Уладзіміравіч.
Аляксандр Бараноўскі выказаў меліяратарам падзяку за высокі прафесіяналізм:
– Паважаныя работнікі меліярацыі, ваша праца вельмі патрэбная. Вы не толькі ўводзіце ў абарот новыя нівы, але і прымаеце актыўны ўдзел у навядзенні парадку на землях раёна. Меліяратары – руплівыя, сумленныя людзі, якія заўсёды даводзяць справу да канца, і робяць гэта якасна. Жадаю вам дастойна выконваць місію, ускладзеную на вас дзяржавай, і дасягнуць новых вышыняў у рабоце. Моцнага здароўя вам, дабрабыту сем’ям, радасці ад жыцця. Ветэранам галіны – доўгіх гадоў жыцця і ўвагі ад кіраўніцтва прадпрыемства.
Аляксандр Станіслававіч уручыў Ганаровыя граматы Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта машыністу бульдозера Алегу Якаўчыку, вадзіцелю аўтамабіля Мікалаю Альшэўскаму, майстру Мікалаю Магуйлу, падзячныя пісьмы Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта – інжынеру-энергетыку Валянціну Макару, электрагазазваршчыку Уладзіміру Манылу.
Ганаровымі граматамі Савета дэпутатаў былі адзначаны вадзіцель аўтамабіля Аляксандр Цяцерын, майстар Ігар Званко, падзячнымі пісьмамі старшыні Савета дэпутатаў – трактарыст Дзмітрый Пахольчык, машыніст экскаватара Аляксандр Хіневіч.
Уладзімір Казак павіншаваў работнікаў прадпрыемства з прафесійным святам, узнагародзіў іх прафсаюзнымі граматамі і падзячнымі пісьмамі.
Да віншаванняў далучыліся партнёры Дзятлаўскага ПМС – сельгаспрадпрыемствы, якія дзякуючы плённай працы меліяратараў атрымалі ў эксплуатацыю новыя пасяўныя плошчы. Намеснік дырэктара КСУП “Войневічы” Аляксандр Лахач і галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Кугейка ўручылі памятныя падарункі спецыялістам, якія кіравалі работамі на аб’ектах: вядучаму інжынеру-гіядэзісту Валянціну Вараб’ю і прарабу Аляксандру Бандаровічу.
Цудоўны настрой на працягу мерапрыемства стваралі артысты Дзятлаўшчыны.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga