Прафсаюзны прыём грамадзян пасля летняга перапынку аднавіў сваю работу.
26 верасня больш за сотню прававых інспектараў працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў розных рэгіёнах краіны аказвалі кваліфікаваную прававую дапамогу грамадзянам непасрэдна ў арганізацыях і на прадпрыемствах.
Дзятлаўскі раён наведаў галоўны прававы інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Шышко. Разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандрам Дубовікам яны правялі прыём грамадзян у Дзятлаве і аграгарадку Круцілавічы ў ААТ “Граніт-Агра”.
У час прыёму паступілі два тэлефонныя звароты ад жыхароў райцэнтра.
Мужчыну, які з’яўляецца рамеснікам, хвалявала пытанне змянення з 1 кастрычніка 2024 года парадку ўплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для рамеснікаў і самазанятых. Цяпер яны павінны будуць плаціць 29 % ад мінімальнай заработнай платы. Мужчына адзначыў, што такая сума для многіх рамеснікаў з’яўляецца немалой, бо заробкі ў іх кожны месяц розныя. Яму патлумачылі, што ёсць варыянт звярнуцца ў падатковую інспекцыю і плаціць падатак ад атрымліваемага даходу.
Другі чалавек звярнуўся з пытаннем па датэрміновым спыненні працоўнага кантракта. Яму таксама патлумачылі, пры якіх умовах гэта магчыма зрабіць: па пагадненні бакоў, па ўважлівых прычынах (хвароба, выхад на пенсію, пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў іншую мясцовасць), у сувязі з парушэннем заканадаўства па працы.
У ААТ “Граніт-Агра” да прававога прыёму грамадзян далучыўся пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго. Ён расказаў работнікам гаспадаркі, якую дзейнасць праводзіць пракуратура Дзятлаўскага раёна ў рамках расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Таксама Віталій Станіслававіч нагадаў, што набліжаецца выбарчая кампанія, таму будуць актывізаваць сваю дзейнасць экстрэмісцкія сайты і каналы. Неабходна быць вельмі ўважлівымі, выбіраючы інфармацыю ў інтэрнэце, каб не падпісацца на такія каналы – за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Аляксандр Шышко патлумачыў, што пры ўзнікненні пытанняў па працоўным заканадаўстве неабходна звяртацца да Працоўнага кодэкса, а таксама Тарыфнага пагаднення. Акрамя таго, у кожнай арганізацыі ёсць калектыўны дагавор, дзе прапісваюцца пэўныя дадатковыя гарантыі для работнікаў. Аляксандр Іванавіч растлумачыў умовы заключэння кантрактаў і бестэрміновых працоўных дагавораў, іх ролю ў рэгуляванні калектыўна-дагаворных адносінаў.
Работнікі гаспадаркі задавалі пытанні, якія тычыліся заканадаўства аб працы. Усе атрымалі адказы на месцы.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga