Узаемадзеянне, падтрыманне і папулярызацыя традыцый, міжкультурная камунікацыя – усё гэта лягло ў аснову беларуска-расійскага Пагаднення аб супрацоўніцтве, якое 18 мая было падпісана ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце.
Яго заключылі прадстаўніцы Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і ўдзельніцы мясцовага аддзялення Савета жанчын Суаярвскага раёна “Северное сияние” Рэгіянальнага аддзялення Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі “Саюз жанчын Расіі” Рэспублікі Карэлія ў асобе старшыні аддзялення Наталлі Няборскай, члена праўлення Валерыі Маркелавай, удзельніцы арганізацыі Наталлі Лоймаевай.
На дзятлаўскай зямлі гасцей павіталі старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Алена Васкель, яе намеснік Таццяна Нікіпорчык, ганаровая старшыня раённага жаночага аб’яднання Галіна Чура.
– Падпісанне пагаднення – знакавая падзея для Дзятлаўскай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, – адзначыла Алена Васкель. – Сімвалічна, што цырымонія ў нашым горадзе адбылася ў дзень правядзення традыцыйнага адкрытага рэгіянальнага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. Ён прымеркаваны да святкавання ў нашай рэспубліцы Дня сям’і. Для жанчын Беларусі і Расіі, роўна як і для прадстаўніц прыгожага полу ўсіх краін, сям’я заўсёды была і застаецца важнейшым складальнікам іх жыцця.
Адметна, што пагадненне скіравана на ўмацаванне інстытута сям’і, папулярызацыю здаровых сямейных адносінаў, фарміраванне духоўных, маральных і культурных каштоўнасцяў у маладога пакалення, паляпшэнне становішча сем’яў з дзецьмі.
Яно прадугледжвае розныя формы ўзаемадзеяння паміж беларускай і расійскай жаночымі арганізацыямі, у тым ліку правядзенне дыялогавых сустрэч у рэжыме анлайн, сумесных жаночых форумаў, мерапрыемстваў, праектаў, акцый.
Мы зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва паміж нашымі аб’яднаннямі і будзем выконваць усе пункты праграмы мерапрыемстваў. Веру, што наша сяброўства стане працяглым і плённым.
Пасля падпісання пагаднення выдаўся яшчэ адзін прыемны момант – абмену сувенірамі і сімваламі Беларускага саюза жанчын – брошкамі-васількамі.
Сяброўкі з Расіі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Беларуссю і Дзятлаўшчынай, расказалі аб планах супрацоўніцтва паміж жаночымі арганізацыямі.
Наталля Няборская:
– Пра вашу арагізацыю мы даведаліся ад старшыні рэгіянальнага аддзялення “Саюз жанчын Расіі” Рэспублікі Карэлія Алены Малышавай. Яна з такой душэўнай цеплынёй расказвала аб дзейнасці Беларускага саюза жанчын, аб цудоўных яе ўдзельніцах, што ў нас з’явілася думка аб супрацоўніцтве. Беларусь сустрэла гасціннасцю і чысцінёй. Пагадненне падпісана. У Рэспубліцы Карэлія 18 жаночых саветаў, ячэйка ёсць у кожнай акрузе. Кірункі работы падобныя на вашы: патрыятычнае выхаванне, мацярынства і дзяцінства, работа са шматдзетнымі сем’ямі, з органамі ўлады, тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне, шмат пытанняў вырашаецца па медыцынскай частцы. Самае ўцешнае, што наша кіраўніцтва нас чуе і падтрымлівае ў добрых справах.
Валерыя Маркелава:
– Я афіцыйны прэс-сакратар Карэльскага рэгіянальнага аддзялення “Саюза жанчын Расіі” і адначасова прэс-сакратар комплекснага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы падтрымліваем шматдзетныя сем’і. Цяпер у нас рэалізоўваецца вялікі праект з сацыяльнай выставай “Сама вінаватая” ў падтрымку жанчын, пацярпелых ад гвалту ў быце. Вялікі пласт работы вядзецца па патрыятычным выхаванні: праводзім усемагчымыя гуманітарныя акцыі ў падтрымку спецыяльнай аперацыі. Ладзім шмат сямейных мерапрыемстваў. Каштоўнасці ў нас агульныя. У Карэліі аб’яднанне ахоплівае вялікі геаграфічны дыяпазон і жанчын з самых розных сфераў дзейнасці. Летась арганізавалі клуб жанчын-прадпрымальніц, падтрымліваем малы бізнес. Арганізоўваем сумесныя праекты з Масквой. На “Сочынскай вясне” прадстаўлялі праект “Я сам сабе кандытар”, дзе за кошт сацкантракта вучым выпякаць кандытарскія вырабы дзяцей з мамамі. Работа ў нас аб’ёмная. Спадзяёмся і разам з вамі зладзіць сумесныя праекты. Сёння пабываем яшчэ і на фестывалі “Зецельскі фэст”, што для нас цікава, бо ў Расіі 2024 год – гэта Год сям’і. Дзятлаўшчына нам спадабалася, тут людзі светлыя, добрыя, шчырыя, а праекты мы робім з людзьмі і для людзей.
Наталля Лоймаева:
– У Беларусі я ўпершыню. Заўжды ведала, што мы браты і сёстры, аднак нават і не думала, што сустрэча будзе такой цёплай, шчырай, гасціннай. У вас цудоўная краіна, беларусы яе любяць і не саромеюцца гаварыць пра гэта. Для ўсіх важна, каб у нас была гэта любоў да роднага дома, блізкіх, суседзяў. І жаночая місія гэту любоў несці, каб усе жылі ў міры і згодзе. На “Зецельскім фэсце” цікава пабачыць формы арганізацыі, беларускія сем’і і іх таленты, падпітацца і зарадзіцца гэтай энергетыкай, каб у далейшым увасабляць такія ж ідэі на карэльскай зямлі, каб нашы сем’і маглі ўзаемадзейнічаць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga