Велаініцыятывы дзятлаўчан на карысць прыродзе

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Велапаркоўку для сацыяльных работнікаў, інвалідаў, пажылых грамадзян, а таксама 12 веласіпедаў атрымаў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў рамках праекта “Гарадскі веласіпедны рух у Беларусі”, фінансуемага Еўрапейскім Саюзам.

Яшчэ тры веласіпеды па ўмовах праекта былі набыты за кошт пазабюджэтных сродкаў самой установы. Як патлумачыла дырэктар Таццяна Нікіпорчык, у снежні 2018 года Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна атрымаў падтрымку для папулярызацыі веласіпеднага руху і развіцця веласіпеднай інфраструктуры ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Развіццё гарадскога веласіпеднага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь”, які рэалізуецца ўстановай “Цэнтр экалагічных рашэнняў” сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Мінскае веласіпеднае таварыства”. Прапанова дзятлаўчан была скіравана на забеспячэнне веласіпедамі сацыяльных работнікаў нашага раёна і ўстаноўку велапаркоўкі каля адміністрацыйнага будынка ЦСАН для папулярызацыі ідэі аб тым, што веласіпед можна выкарыстоўваць як надзейны транспарт для рабочых паездак.

“Цэнтр экалагічных рашэнняў” займаецца папулярызацыяй экалагічнага ладу жыцця ў нашай краіне для захавання навакольнага асяроддзя. Веласіпед – гэта экалагічна чысты від транспарту, а мэта праекта – развіццё гарадскога веласіпеднага руху ў Беларусі на нацыянальным і рэгіянальным узроўні. У нашым выпадку – у межах Дзятлаўскага раёна.

Урачыстая перадача веласіпедаў і паркоўкі ў Дзятлаве перарасла ў сапраўднае спартыўнае свята пад дэвізам: “Мы за спорт і экалогію”. Удзел у ім прынялі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Уладзімір Святоха, сацыяльныя работнікі, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, пажылыя грамадзяне і нават выпадковыя прахожыя.

Адкрываючы свята, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч падкрэсліў значнасць супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі для Дзятлаўскага раёна. Па-першае, сродкі, выдзеленыя з-за мяжы, зніжаюць нагрузку на раённы бюджэт. Па-другое, удзел у падобных праектах спрыяе выхаванню ў моладзі і жыхароў раёна беражлівых адносінаў да навакольнага асяроддзя, стымулюе насельніцтва да пераходу на экалагічныя віды транспарту. Яго меркаванне падтрымалі прысутныя.

Удзельнікі спартыўных мерапрыемстваў пацвердзілі свае беражлівыя адносіны да прыроды, “узброіўшыся” матэрыяламі і інвентаром, якія не наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю – папяровымі сцяжкамі і стужкамі, драўлянымі кубікамі і, безумоўна, новымі веласіпедамі. На іх пераселі сацыяльныя работнікі і спецыялісты Цэнтра, каб прыняць удзел у міні-велапрабегу “Веласіпед – транспарт будучыні”. Людзі мудрага ўзросту, якія таксама сябруюць з фізічнай культурай, паказалі ўдзельнікам сустрэчы майстар-клас па скандзінаўскай хадзе. Праграму свята прадоўжыла спартландыя “Мы – за здаровы лад жыцця”, дзе свае спартыўныя здольнасці дэманстравалі людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Падводзячы вынікі спартыўнага свята, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык расказала пра сваю ўстанову і патлумачыла важнасць велатранспарту для сацыяльных работнікаў:

– Наш Цэнтр аказвае дапамогу людзям і сем’ям у складаных жыццёвых сітуацыях, папярэджвае іх узнікненне, дапамагае грамадзянам актывізаваць уласныя намаганні і стварыць умовы для самастойнага вырашэння праблем. З 2013 года ўкаранёны новыя формы абслугоўвання: “Гасцявая сям’я”, “Дом зімоўкі”, “Дом самастойнага сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў” на 10 койка-месцаў, у 2019 годзе адкрыта “Кватэра самастойнага сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў”, разлічаная на чатырох чалавек. У Цэнтры функцыянуюць пяць аддзяленняў, але найбольш запатрабаваны ў жыхароў Дзятлаўскага раёна накірунак сацыяльнай абароны – гэта сацыяльная дапамога на даму ветэранам і пажылым людзям. Пры гэтым нагрузка на кожнага сацыяльнага работніка складае 6-10 чалавек. У працягласць візіту ўваходзіць час, затрачаны на дарогу, і наведванне арганізацый для выпіскі рэцэптаў у доктара, набыцця медыкаментаў і прадуктаў харчавання, аплаты камунальных паслугаў і іншых патрэбаў абслугоўваемых. Грамадзяне, якіх абслугоўвае адзін работнік, найчасцей жывуць у розных вёсках на адлегласці ў некалькі кіламетраў. Пераадольваючы дарогу не пешшу, а на веласіпедзе, сацыяльны работнік можа больш часу і ўвагі патраціць на чалавека і неабходную яму дапамогу. Сацыяльную дапамогу на даму атрымліваюць 138 жыхароў нашага раёна, іх абслугоўваюць 72 сацыяльныя работнікі, 15 з якіх сёння атрымалі новыя веласіпеды. Гэта зменіць да лепшага іх жыццё і жыццё іх падшэфных.

З меркаваннем дырэктара Цэнтра поўнасцю згодны самі сацыяльныя работніцы. Напрыклад, Алена Радзько расказала, што карыстацца службовым веласіпедам ёй вельмі зручна, бо даводзіцца набываць прадукты для пажылых людзей, якіх абслугоўвае. Насіць сумкі ў руках цяжка. Веласіпед дазваляе лёгка спраўляцца з гэтай задачай і хутка перамяшчацца, каб паспець да кожнага са сваіх падшэфных. Асабліва прыемна, што язда на веласіпедзе спрыяе здароўю і не наносіць шкоды прыродзе, а новая велапаркоўка каля Цэнтра робіць маршруты сацыяльных работнікаў яшчэ больш зручнымі.

Думку прадоўжыла сацыяльная работніца Таццяна Гарус:

– Я таксама працую ў Дзятлаве, і мне часта даводзіцца прыязджаць у Цэнтр па розных патрэбах. Заўжды было складана паставіць веласіпед каля будынка, бо не было велапаркоўкі. Нарэшце мы пазбавіліся ад гэтай праблемы, і было б выдатна, каб велапаркоўкі стаялі яшчэ каля кожнага магазіна і сацыяльна значнага аб’екта ў Дзятлаве.

Сваім меркаваннем падзялілася таксама наведвальніца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Таццяна Рэгіневіч:

– “Праменьчык” наведваю з дня адкрыцця, актыўна ўдзельнічаю ў жыцці аддзялення. Аднак часта даводзіцца дапамагаць і дома па гаспадарцы. Для эканоміі часу карыстаюся веласіпедам. Адсутнасць велапаркоўкі каля будынка Цэнтра дастаўляла значныя нязручнасці. Цяпер у кожнага веласіпедыста – свая ячэйка.

Шчасліва карыстацца новай велапаркоўкай наведвальнікам і работнікам Цэнтра пажадаў першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Уладзімір Святоха. Ён нагадаў і пра элементарныя меры бяспекі, неабходныя для захавання маёмасці, у тым ліку веласіпедаў. Каб не застацца без экалагічнага транспартнага сродка, нельга пакідаць веласіпеды без нагляду або ў час сваёй адсутнасці трэба выкарыстоўваць спецыяльныя ланцужкі з замком.

Закончылася сустрэча фотасесіяй і сяброўскім чаяваннем.

 

Ірына СТЫРНІК