Ірына Камарова: “Цікавіць роля рэгіянальных СМІ”

Важнае Грамадства

28 мая ў Магілёве адбудзецца Форум медыйнай супольнасці Беларусі. Удзел у ім прымуць каля 80 дэлегатаў з Гродзенскай вобласці.

Дзятлаўшчыну на сустрэчы будуць прадстаўляць намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, галоўны рэдактар установы “Рэдакцыі газеты “Перамога” Ірына Камарова.

Ірына Чаславаўна расказала, чаго чакае ад паездкі ў Магілёў:

– Рэспубліканскі форум медыйнай супольнасці – гэта тая пляцоўка, дзе ўзнімаюцца і абмяркоўваюцца актуальныя пытанні функцыянавання і развіцця галіны, работы журналістаў.

Цікава будзе пачуць, якія тэндэнцыі апошнім часам намеціліся ў развіцці нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, якое месца ў ёй займаюць рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі, якія праграмы і праекты запушчаны для павышэння прафесійнай кампетэнцыі работнікаў рэдакцый і холдынгаў.

Форум яшчэ і дыскусійная пляцоўка для абмену думкамі, выпрацоўкі новых ідэй, а сустрэчы з экспертамі дапамагаюць вызначыць самыя запатрабаваныя ў беларускім грамадстве тэмы і інфанагоды, якія патрабуюць “журналісцкага погляду” і аналізу на старонках газет або на дыялогавых пляцоўках, у тэле- і радыёэфіры.

Мяркую, там будуць разгледжаны і надзённыя праблемы, падыход да якіх мяняецца ва ўмовах фарміравання новых геапалітычных рэалій. Думаю, эксперты не абыдуць увагай і ролю кваліфікаваных журналістаў ва ўмовах трансфармацыі грамадства і развіцця лічбавых тэхналогій.

Безумоўна, яркай і прыемнай часткай мерапрыемства стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу “Залатая Літара”.

Упэўнена, што за час форуму мы атрымаем шмат станоўчых уражанняў, намецім планы ў рабоце, пазнаёмімся з цікавымі людзьмі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga