Адказны вадзіцель Уладзімір Дзятчык

Галоўнае Грамадства

Ужо трыццаць сёмы год працуе вадзіцелем у Дзятлаўскім раёне газазабеспячэння Уладзімір Пятровіч Дзятчык.

І начальства, і калегі характарызуюць яго як чалавека вельмі адказнага, працалюбівага, шчырага. Нездарма сёлета ён атрымаў да прафесійнага свята важкую ўзнагароду – Ганаровую грамату Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз”.

Апошнія два гады Уладзімір Пятровіч возіць людзей, а раней у яго абавязкі ўваходзіла дастаўка газавых балонаў па населеных пунктах. Расказвае, што работу сваю любіць і памяняць яе ніколі не хацеў. З калегамі ў яго сяброўскія адносіны, яны заўжды дапамагаюць адзін аднаму, падтрымліваюць.

– У працы мне падабаецца сустракацца і размаўляць з новымі людзьмі, – гаворыць Уладзімір Дзятчык. – Многія, асабліва ў аддаленых вёсках, якім не хапае стасункаў, чакаюць нашу машыну. Людзі больш сталага ўзросту хочуць да сябе і больш увагі. Яны любяць, каб з імі пагаварылі, абмеркавалі іх праблемы. Здаецца, дробязь, а прыемна і табе, і чалавек адчувае сябе патрэбным.

Уладзімір Пятровіч заўжды гатовы падзяліцца сваім багатым працоўным вопытам і з маладымі калегамі, дае ім не толькі парады, але дапамагае і справай.

Мужчына жадае ўсім калегам заставацца такімі ж дружнымі, падтрымліваць спрыяльную атмасферу ў калектыве, каб усім, як і яму самому, на працу хацелася ісці, як на свята.

Святлана ГРЫШЫНА,
Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup