Дзелавы панядзелак. На нарадзе: чысціня ў населеных пунктах і прадукцыйная праца

Важнае Улада

Экзамены, развітальны баль, годная аплата работы механізатараў, прафілактычная адпрацоўка домаўладанняў, корманарыхтоўка – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

ЦЭ выпускнікі здадуць за чатыры дні

Мала часу засталося да заканчэння навучальнага года, а для выпускнікоў школ разам з тым – лічаныя дні да выніковых іспытаў. У гэтым годзе адзінаццацікласнікі цэнтралізаваныя экзамены здадуць за кароткі тэрмін – чатыры рабочыя дні з 27 па 30 мая. Усяго ў Гродзенскай вобласці на ЦЭ зарэгістраваліся 6308 выпускнікоў, з іх на Дзятлаўшчыне – 140 чалавек. Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, 50 падлеткаў выбралі экзамен па беларускай мове, 90 – па рускай. Таксама нашы выпускнікі будуць здаваць па выбары матэматыку, хімію, біялогію, замежную мову і іншыя прадметы. Як і летась цэнтралізаваныя экзамены для адзінаццацікласнікаў з усяго раёна будуць праходзіць на базе сярэдняй школы № 3 райцэнтра.

14 чэрвеня раённы выпускны баль традыцыйна пройдзе на плошчы 17 Верасня горада Дзятлава.

Аглядавым камісіям дадзена ацэнка

Старшыня райвыканкама даў заўвагу па дзейнасці аглядавых камісій раёна. Улічваючы рост пажараў, а на мінулым тыдні іх адбылося яшчэ два на Дзятлаўшчыне, Андрэй Уладзіміравіч зазначыў недастатковую прафілактычную работу з насельніцтвам спецыялістаў, якія ўваходзяць у састаў камісій.

– Дысцыпліна кульгае. Якасць работы нізкая, – выказаў сваю пазіцыю кіраўнік раёна. – Прафілактыка павінна быць у прыярытэце ва ўсіх службаў.

Патруляваць!

Тэму арганізацыі бяспекі прадоўжылі з начальнікам аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзімам Шчурскім.

– Штодзённа праваахоўнікі патрулююць месцы масавага адпачынку дзятлаўчан, вадаёмы. Акрамя таго, для перыядычнай “адпрацоўкі” населеных пунктаў прыцягваюцца сілы патрульна-паставых службаў з іншых раёнаў Гродзенскай вобласці, АМОН, – расказаў Вадзім Васільевіч.

Старшыня райвыканкама дадаў, што неабходна таксама ўзмацніць дзейнасць патрулёў. Паставіў задачу навесці парадак на цэнтральнай плошчы Дзятлава:

– Недапушчальна, каб паўсюль валяліся бутэлькі, абгорткі. Такое назіраецца нават перад буйнымі мерапрыемствамі. Што ўжо гаварыць пра выгляд плошчы апасля. Жыллёва-камунальная гаспадарка прыбярэ, аднак і вы, праваахоўнікі, навядзіце парадак. У нас паўсюль працуюць відэакамеры – гэта ваш рычаг уздзеяння на тых, хто парушае заканадаўства і распівае спіртныя напоі ў грамадскіх месцах.

Сяўба завершана, усе сілы – на касьбу

Аграрыі раёна на бягучым тыдні плануюць завяршыць першы ўкос. Займаюцца хімічнай праполкай кукурузы.

– Толк будзе, калі працаваць будуць поўны дзень і эфектыўна. Тэхніка ў нашых сельгаспрадпрыемствах адрамантаваная. Усю неабходную дапамогу ім аказалі. Харчаванне работнікаў арганізавана, камфортныя ўмовы працы створаны. Прадукцыйнасць працы – вось, што патрабую, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч паставіў задачу правесці навучанне для ўсіх гаспадарак на базе КСУП “Войневічы” па нарыхтоўцы кармоў; трымаць на кантролі заработную плату радавых работнікаў; разабрацца са зніжэннем надояў у некаторых прадпрыемствах.

Прыгожыя, але шкодныя

У раёне праводзяцца работы па ліквідацыі інвазіўных раслін, у прыватнасці, баршчэўніку Сасноўскага і сумніку, якія на Дзятлаўшчыне асабліва распаўсюджаны. Прымяненне навейшых хімпрэпаратаў дазваляе не дапусціць далейшага разрастання шкодных для экалогіі раслін або значна зменшыць іх арэал. Баршчэўнік Сасноўскага апрацаваны хімічнымі прэпаратамі на 90 % плошчаў сельгасугоддзяў раёна. Такую інфармацыю далажыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі. Што датычыцца сумніку, гэты “агрэсар” толькі зацвітае, зоймуцца зараз і ім.

Старшыня райвыканкама завастрыў увагу на неабходнасці не толькі своечасовага знішчэння інвазіўных раслін, але і аператыўным увядзенні ў сельгасзварот земляў пасля апрацоўкі ад раслін-шкоднікаў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: