“Жыццё дадзена, каб жыць”

Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў гарадскі BATТLE-дыспут “Жыві сапраўдным! Пад “кайфам” жыцця няма!” у рамках тэматычнага тыдня “Жыццё дадзена, каб жыць” па прафілактыцы фактараў рызыкі суіцыдальных паводзінаў непаўналетніх.

Удзел у мерапрыемстве прымалі члены гарадскога піянерскага штаба раённага савета ГА “БРПА”, валанцёрскіх атрадаў, дэпутаты вучнёўскай палаты моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў. У якасці эксперта выступіла старшыня раённага савета ГА “БРПА”, каардынатар дзейнасці моладзевага парламента Ірына Мішчанка.

Разам з Ірынай Анатольеўнай навучэнцы паразважалі над філасофскімі пытаннямі: чаму некаторыя праз алкаголь і наркотыкі губяць бясцэнны дар – жыццё, якое даецца толькі раз, якія фактары асяроддзя ўплываюць на памылковы жыццёвы выбар. Эксперт расказала сваім юным суразмоўцам, што ў грамадстве існуюць розныя шляхі падтрымкі і выхаду з цяжкай жыццёвай сітуацыі: тэлефоны даверу, дапамога педагогаў і псіхолагаў, падтрымка родных і блізкіх.

Дзеці паразважалі аб тым, што ніхто не застрахаваны ад памылак, галоўнае – не баяцца іх выпраўляць. Таксама пагутарылі наконт падманных каштоўнасцяў, якія могуць навязваць непаўналетнім нядобрасумленныя дарослыя. Не абышлі ўвагай спосабы дапамогі сябру ці знаёмаму, які знаходзіцца ў складаным псіхалагічным стане.

Напрыканцы ўсе прысутныя паўдзельнічалі ў псіхалагічным трэнінгу “Сон героя”, уявілі, кім яны будуць праз 10 гадоў, чым будуць займацца, з кім сябраваць, аб чым марыць і як гэтага дасягнуць. Сваімі гісторыямі падзяліліся з сябрамі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga