Вас памятае свет уратаваны. 80 ліп – да 80-годдзя вызвалення Беларусі

Галоўнае Улада

Сёлета наша краіна сустракае юбілейную дату – 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З гэтай нагоды дзятлаўчане заклалі сквер з васьмі дзясяткаў маладых дрэўцаў у памяць аб подзвігу нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый і прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны, а таксама юныя лесаводы з дашкольнага лясніцтва дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава.

– На Дзятлаўшчыне стала добрай традыцыяй сустракаць памятныя юбілейныя даты пасадкай дрэваў – закладваць скверы і алеі як наказ нашчадкам, каб не забывалі аб важным, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Сёння разам з актывам раёна нам даверана выканаць гэту ганаровую місію, пасадзіць саджанцы ў памяць аб вяликай падзеі новага часу – вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 80 ліп як сімвал 80-ці гадоў мірнага жыцця, на працягу якіх беларусы жылі і стваралі на мірнай зямлі дзякуючы гераічнаму подзвігу нашых продкаў.

Памятны сквер, які  размясціўся на вуліцы Слонімскай, побач з новым будынкам пажарнай часці, будзе добра бачны дзятлаўчанам і гасцям горада, стане жывым напамінам аб трагічнай і слаўнай гісторыі Беларусі.

Саджанцы ліп і рабочы інструмент для пасадкі прадаставіў Дзятлаўскі лясгас, тэхнічную ваду для паліву дрэўцаў – райаддзел па надзвычайных сітуацыях.

Удзельнікі акцыі падзяліліся ўражаннямі і эмоцыямі ад мерапрыемства.

Вадзім Шчурскі, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама:

– Эмоцыі самыя станоўчыя! Разам робім добрую справу, прымеркаваную да сакральнай для ўсіх беларусаў юбілейнай даты вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З задавальненнем працуем на свежым паветры, пакідаем добрую спадчыну, каб наступныя пакаленні радаваліся дрэўцам і ўспаміналі старонкі гісторыі Айчыны. Прыемна, што сквер размесціцца непадалёку ад нашага адміністрацыйнага будынка: разам з калегамі-ратаўнікамі возьмем шэфства над пасадкай, а праз некалькі гадоў будзем атрымліваць асалоду ад квецені і водару ліп.

Таццяна Пратаковіч, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта:

– Сёння нашымі агульнымі намаганнямі ў Дзятлаве з’явілася яшчэ адно месца ў памяць аб тых, хто аддаў свае жыцці за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сквер стане сімвалам удзячнасці і павагі да ветэранаў, іх мужнасці і самаадданасці. Спадзяюся, ён будзе не толькі ўпрыгажэннем нашага Дзятлава, але і месцам сустрэч розных пакаленняў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: