У Наваельню едзе УАЗ – надзейны, праходны, для медыкаў

Важнае Грамадства

Ахова здароўя заўсёды была і застаецца адным з прыярытэтаў дзяржавы.

Вялікая ўвага скіравана на павышэнне даступнасці і якасці медыцынскага абслугоўвання. Дзятлаўшчына ў гэтым плане – не выключэнне.

Зноў з’явілася нагода парадавацца: у райцэнтр прыбыў і адправіцца ў Наваельню новы аўтамабіль медыцынскай дапамогі.

Больш падрабязна пра гэта расказаў галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч:

– Мы атрымалі аўтамабіль маркі “УАЗ”, які будзе задзейнічаны для аказання медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву, замацаванаму за Новаяльнянскай гарпасялковай бальніцай. Машыну мы атрымалі дзякуючы выдзяленню спонсарскай дапамогі ад Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Вельмі ўдзячны за гэты падарунак для нашай бальніцы, бо надзейная машына для сельскіх урачэбных участкаў надзвычай неабходная, каб медыцынскі работнік мог своечасова даехаць да кожнага пацыента, дзе б ён ні знаходзіўся. А ўлічваючы, што УАЗ валодае яшчэ і павышанай праходнасцю, то гэта вялікі плюс для аказання дапамогі насельніцтву, бо такі аўтамабіль дазваляе дабрацца ў кожную вёску, на кожны хутар.

Наша бальніца выказвае вялікую ўдзячнасць раённай уладзе, якая падтрымлівае нас у любых пытаннях, бачыць праблемы медыцыны, дапамагае іх вырашаць, а таксама Беларускаму прафсаюзу работнікаў аховы здароўя, які прымае актыўны ўдзел у жыцці Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і заўжды максімальна, наколькі гэта магчыма, стараецца дапамагчы.

Варта адзначыць, што аўтапарк нашай установы аховы здароўя рэгулярна абнаўляецца. Адносна нядаўна за сродкі рэспубліканскага бюджэту быў атрыманы аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі, цяпер мы атрымалі аўтамабіль медыцынскай дапамогі. Спыняцца на дасягнутым не збіраемся: і надалей будзем працаваць над абнаўленнем і папаўненнем матэрыяльна-тэхнічнай базы, каб аказваць нашым грамадзянам медыцынскую дапамогу на яшчэ больш высокім узроўні, асабліва ў сельскіх населеных пунктах, дзе нямала пажылых і адзінокіх людзей.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga