Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Гродне прайшла моладзевая інтэлектуальная гульня “Science Quiz”, прыняць удзел у якой маладых інтэлектуалаў запрасіла Гродзенская абласная арганізацыя ГА “БРСМ”.
На цікавую прапанову адгукнуліся 24 каманды з розных рэгіёнаў Прынёманскага краю, а гэта амаль 200 кемлівых і крэатыўных маладых людзей нашай вобласці.
Дзятлаўшчыну на моладзевай гульні прадстаўляла каманда “Рытм”, у склад якой увайшлі Наталля Маркава – бухгалтар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ”, Вераніка Радзевіч – юрысконсульт аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Віталь Іванашка – настаўнік Дварэцкай сярэдняй школы, Ірына Стырнік – карэспандэнтка газеты “Перамога”.
Пляцоўкай для сустрэчы арганізатары абралі ААТ “Белкард”, паколькі пярвічная арганізацыя прадпрыемства займае актыўную пазіцыю, удзельнічае ў многіх моладзевых праектах і акцыях.
Першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Ганна Сарасек, вітаючы прысутных, зазначыла, што інтэлектуальныя турніры карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў моладзі Гродзеншчыны. Практычна ва ўсіх раёнах ладзяцца занальныя гульні на кемлівасць, удзел у якіх прымаюць прадстаўнікі як маладога, так і старэйшага пакалення.
Інтэлектуальныя выпрабаванні “Science Quiz” ладзіліся па турах, сярод якіх былі “Медыяазбука”, “Бліц” і тэматычныя пытанні, прымеркаваныя да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Спаборніцтвы выдаліся напружанымі, розніца ў выніках паміж многімі з каманд была літаральна ў адзін-два балы. У пераможцы напрыканцы гульні выйшла выпрабаваная часам каманда інтэлектуалаў са Шчучына “Вышэйшая ліга”, якая на працягу апошніх гадоў не саступае лідзіруючых пазіцый у гульнях падобнага кірунку. “Сярэбраная” перамога дасталася камандзе “Слонімскія львы”, “бронзавымі” прызёрамі сталі таксама нашы тэрытарыяльныя суседзі – каманда Навагрудскага раёна. Дзятлаўчане на гэты раз, як і ўсе каманды-ўдзельніцы “Science Quiz”, вярнуліся дамоў з сертыфікатам і прыемнымі ўражаннямі ад цікавай сустрэчы.
Адна з удзельніц дзятлаўскай каманды “Рытм” – Вераніка Радзевіч – зазначыла, што ў нашым раёне таксама варта было б стварыць клуб інтэлектуалаў і перыядычна праводзіць падобныя гульні.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup