У добрых спраў ёсць адрасы

Важнае Да ведама грамадзян

Да завяршальнага этапу на Дзятлаўшчыне набліжаецца валанцёрская ініцыятыва Таварыства Чырвонага Крыжа “Пачні дапамагаць вясной”.

Як расказала старшыня раённай арганізацыі гэтага добраахвотнага грамадскага аб’яднання Галіна Касцюк, акцыя скіравана на дапамогу інвалідам, адзінокім пажылым грамадзянам і тым, хто жыве адзінока. Клапоцяцца валанцёры і аб насельніках спецыялізаваных установаў.

Па словах Галіны Эдвардаўны, вясна – той сезон, які дадае людзям клопату, асабліва ў сельскай мясцовасці і прыватных дамах. Пажылым, фізічна аслабленым і маламабільным грамадзянам цяжка самастойна спраўляцца з усімі гаспадарчымі справамі, наводзіць парадак на падворках. У рамках акцыі “Пачні дапамагаць вясной” іх падтрымліваюць валанцёры Таварыства Чырвонага Крыжа, у тым ліку навучэнцы ўстановаў адукацыі раёна.

Варта адзначыць, што ў дзятлаўчан у гэтым кірунку багатая скарбонка добрых справаў. Напрыклад, не першы год забяспечваць чысціню на тэрыторыі каля дома сумеснага самастойнага пражывання для пажылых людзей і інвалідаў аграгарадка Гезгалы дапамагаюць вучні і педагогі мясцовай школы. Сёлета ў рамках акцыі і месячніка па навядзенні парадку яны сабралі галінкі, зграблі лісце, падмялі смецце.

Акцыя прадоўжыцца да канца красавіка.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Галінай КАСЦЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga