Сезон падарожжаў адкрыўся: што прапануе турысту Дзятлаўскі ТІЦ?

Важнае Спорт і турызм

Прапануе шмат чаго: і пешаходныя экскурсіі, і веламаршруты, і сплавы на байдарках, і разнастайныя праграмы.

Але пра ўсё па парадку.

Для школьнікаў і дарослых (як для індывідуальных падарожжаў, так і для турыстычных груп) мы ў першую чаргу прапануем падарожжа па Дзятлаўшчыне  (экскурсія “Дарогамі Дзятлаўшчыны”). Яго можна ажыццявіць на асабістым транспарце або на аўтобусе, з экскурсаводам ці з аўдыягідам (наш турыстычны цэнтр можа прапанаваць 5 аўдыягідаў).

Таксама ж экскурсію “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, калі на тое ёсць жаданне турыстаў, можна скараціць, праехаць па ёй у розных кірунках не адзін раз і не два. Для гэтага мы разбілі маршрут на міні-маршруты – выбірайце: “Знаёмцеся – Дзятлава” (пешаходнае падарожжа па горадзе), “Дзятлава – Наваельня – Дварэц”, “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя” (Дзятлава – Міроўшчына – Накрышкі), “Дзятлава – Жыбартоўшчына”, “Дзятлава – Наваельня – Дварэц – Раготна – Горка”, “Дзятлава – Вензавец – Накрышкі”.

Сёлета мы падрыхтавалі для падарожнікаў шмат новага, цікавага і пазнавальнага. Бягучы год юбілейны, уся краіна будзе святкаваць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а мы, дзятлаўчане, – 80-годдзе вызвалення Дзятлаўшчыны, таму турыстычная праграма “Па слядах герояў” стартавала ўжо ў лютым. За гэты час было праведзена 30 пешаходных экскурсій па горадзе з наведваннем помнікаў, якія зберагаюць памяць пра ваенныя падзеі на нашай дзятлаўскай зямлі. Гэтай жа тэматыцы прысвечаны веламаршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Праехаць па ім можна самастойна (на працягу маршрута ўстаноўлена турыстычная навігацыя) або з экскурсаводам. Вы зможаце наведаць месцы, дзе разгортваўся партызанскі рух у нашым раёне, а таксама пабыць у знакамітым партызанскім шпіталі, які коштам свайго жыцця выратаваў наш “ліпічанскі Сусанін” – Іосіф Юр’евіч Філідовіч.

З’явілася і зусім новая інтэрактыўная праграма – “У гасцях у Абрама Каплана”, якая раскажа пра жыццё і трагедыю яўрэйскага насельніцтва Дзятлава ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аповед будзе весціся ад імя адзінага карэннага яўрэя нашага горада Абрама Якаўлевіча Каплана, які пасля вайны не з’ехаў разам з сям’ёй за мяжу, застаўся жыць у родных мясцінах, ажаніўся з беларускай, працаваў у розных установах Дзятлава, а ў пачатку 2000-х гадоў першы расказаў пра Халакост у Дзятлаве краязнаўцу, настаўніцы гісторыі Жанне Нагавонскай. А дапамогуць Абраму Каплану прадставіць яўрэйскія традыцыі і побыт вучні гімназіі № 1горада Дзятлава, якія прапануюць невялікае тэатралізаванае прадстаўленне на плошчы 17 Верасня, каля яўрэйскіх домікаў.

Для школьных лагераў адпачынку (і для ўсіх жадаючых таксама) прапануем водна-пешаходны маршрут “Ад цара да самавара” са сплавам на байдарках па рацэ Моўчадзь ад Дварца да Наваельні. Маршрут таксама інтэрактыўны, у ім прымае ўдзел Дварэцкі дом культуры.

Выбірайце маршруты і праграмы, тэлефануйце нам, прыходзьце ў ТІЦ. Будзем рады задаволіць любыя пажаданні. Наш адрас: г. Дзятлава, вул. Леніна, 18; тэл. 8-01563-3-25-58.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga