У гасцях у Абрама Каплана

Важнае Спорт і турызм

Так называецца новая экскурсія, распрацаваная Дзятлаўскім турінфацэнтрам па тэме “Жыццё яўрэйскай абшчыны ў Дзятлаве”.

Экскурсія ахоплівае значны гістарычны пласт, пачынаючы з часоў з’яўлення яўрэяў у Дзятлаве і да 6 жніўня 1942 года, даты канчатковага знішчэння яўрэйскай абшчыны ў мястэчку Гжэтл – так называлі яго яўрэі.

Аб’ектаў на шляху экскурсіі не так і шмат: цэнтр горада з яўрэйскімі домікамі, кожны з якіх мае сваю гісторыю, будынак былой сінагогі, памятная дошка на месцы яўрэйскага гета, яўрэйскія могілкі ў канцы вуліцы Кастрычніцкай, дзе адбыўся расстрэл гета 6 жніўня 1942 года і дзе знаходзіцца магіла дварэцкіх яўрэяў, астанкі якіх знойдзены на ўскраіне аграгарадка, а таксама перапахаваны Ёскель Атлас, знакаміты партызанскі ўрач. Але інфармацыя, што будзе гучаць з вуснаў экскурсавода, які падасць яе ад імя Абрама Каплана, апошняга карэннага яўрэя Дзятлава, сведкі вайны, жыцця ў гета і расстрэлаў, нікога не пакіне раўнадушнай.

А яшчэ вучні гімназіі №1 разам з настаўніцай гісторыі, кіраўніком гімназічнага музея “Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны” Аленай Радомскай падрыхтавалі для турыстаў невялікую інтэрактыўную праграму – своеасаблівае пагружэнне ў эпоху жыцця яўрэяў, у першую палову мінулага стагоддзя. Тут і традыцыі яўрэйскага жыцця, і своеасаблівы яўрэйскі гумар (а яны ўмелі пасмяяцца з саміх сябе), і рэлігійныя традыцыі Шабата. Варта паглядзець!

Жыццё, на жаль, рэч непрадказальная, часам суровая. Гора ходзіць побач з радасцю, нараджэнне побач са смерцю. Усё гэта пераплятаецца і падчас экскурсіі. Аднак яе варта наведаць, каб не забываць, што па суседству з намі вякамі жыў іншы народ – яўрэі, які быў амаль цалкам знішчаны фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрыццё маршрута чакае дзятлаўчан напрыканцы бягучага месяца. Сачыце за нашымі навінамі ў Інстаграм і Фэйсбуку, а таксама глядзіце ролік (інтэрактыўны кавалачак экскурсіі) у нашым ТікТок. VISIT_DYATLOVO.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дятлаўскага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga