“Прыходзь па работу!”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пад такім дэвізам 24 красавіка ў рамках II агульнарэспубліканскага кірмашу вакансій для моладзі аналагічнае мерапрыемства прайшло на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

У час яго юнакі і дзяўчаты азнаёміліся з рознымі формамі занятасці: працаўладкаваннем на часовыя дадаткова створаныя працоўныя месцы, работай у студэнцкіх атрадах, індывідуальным працаўладкаваннем.

– Падобныя мерапрыемствы даволі карысныя, бо дапамагаюць моладзі сустрэцца і асабіста пагутарыць з прадстаўнікамі наймальнікаў, прайсці першае субяседаванне, больш даведацца пра арганізацыі, заработную плату, умовы працы. Заўтра, 25 красавіка, адбудзецца другі дзень кірмашу вакансій, які пройдзе з 14 да 17 гадзін у актавай зале Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, дзе мы таксама чакаем усіх жадаючых, – пракаменціравала падзею намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда.

Удзельнікаў сустрэчы павітала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель:

– У Беларусі, і Дзятлаўшчына не стала выключэннем, маштабны кірмаш вакансій для моладзі праводзіцца другі раз. Гэта мерапрыемства для школьнікаў, студэнтаў і выпускнікоў, якія будуць шукаць першае рабочае месца. На жаль, большасць арганізацый і прадпрыемстваў прадстаўляюць вакансіі для моладзі з 16 гадоў, аднак 14-15-гадовым навучэнцам расстройвацца не варта: служба занятасці ў летні час можа прапанаваць ім другасную занятасць у форме розных работ на базе школ. Звяртайцеся да спецыялістаў, пакідайце свае кантакты. Спадзяюся, сённяшняя сустрэча многім дапаможа ў бліжэйшы час атрымаць першы працоўны вопыт і заработную плату, а некаторыя, магчыма, вызначацца з будучай прафесіяй.

Цікавыя тэматычнае выступленне і моладзевы флэш-моб для прысутных падрыхтавалі юныя артысты з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

З “творчай ноткі” перайшлі да сур’ёзных пытанняў. Таццяна Дорда расказала, што на канікулах у чэрвені-жніўні раённая служба занятасці прапаноўвае навучэнцам 123 працоўныя месцы на базе 11-цi школ. Сярод відаў работ: бягучыя рамонты памяшканняў, азеляненне і ўборка тэрыторый, рамонт кніжнага фонду. Даступна і зразумела Таццяна Анатольеўна патлумачыла, як Працоўным кодэксам рэгулюецца праца работнікаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў і ажыццяўляецца іх уладкаванне на часовыя дадаткова створаныя працоўныя месцы, арганізаваныя за кошт сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Спынілася таксама на магчымасцях лічбавага сэрвісу “Крок у прафесію”, дзе можна прайсці тэсціраванне па трох раздзелах: “Прафарыентацыя”, “Прафадбор” і “Комплекснае тэсціраванне”, затым атрымаць вынікі ў “асабісты кабінет”.

Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык азнаёміла прысутных з магчымасцю працаўладкавання ў рамках студатрадаўскага руху. Адзначыла, што ў сёлетніх планах паклікаць у атрады 177 маладых людзей. Іх прымуць сельгаспрадпрыемствы раёна, выказала такое жаданне і адміністрацыя Дзятлаўскай ЦРБ. А першыя студатрадаўцы на вясновых канікулах на базе Дзятлаўскага РУП ЖКГ добраўпарадкавалі і прыбіралі аб’екты ў райцэнтры, гарпасёлках Наваельня і Казлоўшчына. Паабяцаў камунгас прыняць моладзь і восенню.

На тэму выбару будучай прафесіі са школьнікамі пагутарылі намеснік начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вераніка Кажала, начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Сяргей Кулеш, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 55 горада Дзятлава ўнітарнага прадпрыемства “Фармацыя” Лідзія Баравік, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка.

Пасля выступлення спецыялістаў навучэнцы змаглі пракансультавацца і прайсці першае субяседаванне з прадстаўнікамі наймальнікаў, атрымаць тэматычныя брашуры і памяткі, пакінуць свае кантакты.

Удзельнікі моладзевага кірмашу вакансій падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства.

Уладзіслаў Касцюкевіч, адзінаццацікласнік сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Кірмаш вакансій спадабаўся. Карысна паслухаць аб розных сферах дзейнасці, зрабіць для сябе пэўныя высновы. Цікава было даведацца пра работу ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, бо раней марыў стаць ратаўніком, спадабалася выступлене спецыяліста па сельскай гаспадарцы. У мяне за плячыма ёсць станоўчы працоўны вопыт: раней летам наймаўся афіцыянтам у санаторый “Альфа Радон”, атрымаў нямала карысных навыкаў, дастойную зарплату. Сваё дарослае жыццё хачу звязаць з праграмаваннем і інжынернай спецыяльнасцю.

Валерыя Жалнерчык, дзесяцікласніца сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Для школьнікаў мерапрыемства было актуальным, бо дапамагае знайсці работу ў вольны ад вучобы час, зарабіць уласныя грошы, сфарміраваць фінансавую адукаванасць, а некаторым – вызначыцца з будучай прафесіяй. У мяне быў вопыт летняй занятасці: мы працавалі ў школе, шылі пасцельную бялізну. Атрымалі някепскі заробак на “кішэнныя расходы”. А вось дарослае жыццё я вырашыла звязаць з рускай філалогіяй.

Дар’я Лявошка, дзесяцікласніца сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Падобныя мерапрыемствы “працягваюць руку дапамогі” як па выбары будучай спецыяльнасці, так і па летняй занятасці, каб не прасіць грошай у бацькоў, зразумець, што яны даюцца няпроста. Раней я працавала ў школьным атрадзе. Заробкам засталася задаволеная, патраціла яго на тое, чаго сама пажадала. З жыццёвым выбарам таксама ўжо вызначылася: збіраюся стаць лінгвістам з кітайскай скіраванасцю. Англійскай мовай захапілася яшчэ ў сёмым класе, а сёлета параілася з татам, і ён падказаў, што супрацоўніцтва з Кітаем – перспектыўны напрамак, таму такое рашэнне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga