Незабыўныя старонкі ваенных гадоў. Каб дзеці ніколі не бачылі вайны

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, устаноўлены ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе.

Штогод у гэту дату на Дзятлаўшчыне ладзіцца марафон памяці і ўвагі, калі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, работнікі культуры наведваюць малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў з кветкамі, падарункамі і шчырымі пажаданнямі.

У гарпасёлку Наваельня ў гэты дзень гасцей вельмі чакала Ніна Голікава, якая зведала жахі вайны ў канцлагеры 6-гадовай дзяўчынкай. Да яе завіталі старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч, намесніца старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Таццяна Нікіпорчык і ўдзельніца арганізацыі Марына Юрчык, работнікі культуры гарпасёлка Наталля Нагорная і Галіна Сушко.

Са слязамі на вачах Ніна Усцінаўна дзякавала ўсім і ўзгадвала гады вайны – самыя жахлівыя старонкі свайго дзяцінства. Горыч, боль, прыніжэнне, перажытыя ў канцэнтрацыйным лагеры, дзе яна была тры месяцы, дагэтуль помніць у дэталях.

– Вельмі вас люблю, дарагія землякі, і заўжды чакаю ў госці. Жадаю, каб ніхто не хварэў, каб усе жылі ў міры і дзеткі ніколі не бачылі гэтай праклятай вайны, – пажадала ўсім Ніна Усцінаўна.

У шаноўным 90-гадовым узросце жанчына не губляе аптымізму і веры ў людзей, бадзёрасці духу. Па-ранейшаму вельмі любіць сустракаць гасцей і спяваць. Гэтым разам яна таксама парадавала прысутных франтавой “Кацюшай”.

Словы падтрымкі і добрыя пажаданні ў гэты дзень пачулі і дзятлаўчанкі Вера Калпінская, Галіна Сліжэўская, Раіса Венславоўская, якіх наведалі з падарункамі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, раённага камітэта ГА БРСМ, сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва.

Сваім гасцям і ўсім суайчыннікам жанчыны, якія зведалі выпрабаванні фашысцкіх канцлагераў, шчыра пажадалі ніколі не адчуць горыч вайны, каб неба над Беларуссю заўсёды заставалася мірным, людзі – шчаслівымі, а наша краіна квітнела і развівалася.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, удзельнікаў марафона

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: