Мабільны маніторынг, або Што ўбачыла група па ахове працы на будпляцоўках

Важнае Грамадства

Патэнцыйных відаў небяспекі для жыцця і здароўя чалавека на будоўлі – мора.

Адна работа на вышыні чаго вартая: спатыкнуўся, не маючы страховачнага пояса, – і ты кандыдат на той свет.

З пачатку красавіка мабільная група наведала ўжо некалькі будаўнічых пляцовак на тэрыторыі раёна і паглядзела, ці выконваюць там правілы бяспечнай працы.

У саставе мабільнай групы, акрамя спецыялістаў па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, прадстаўнікі іншых наглядных службаў – Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прафсаюза.

Першы аб’ект увагі – узвядзенне двух кароўнікаў на 720 дойных кароў і будынка даільна-малочнага блока каля аграгарадка Раготна. Падрадная арганізацыя – УСП “СПМК-33” ОАО “Пинсксовхозстрой”.

Як толькі мабільная група зайшла на тэрыторыю будпляцоўкі, рабочыя сталі разбягацца ў розныя бакі: хто спяшаўся па каску, без якой на будоўлі знаходзіцца забаронена, хто ў бытоўку – па сродкі індывідуальнай абароны, а хто і зусім схаваўся з поля зроку. І прычын гэтых паводзінаў аказалася нямала.

Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, член мабільнай групы Святлана Латушка, выяўленыя парушэнні, а іх нямала, будуць адлюстраваны ў рэкамендацыях, якія неабходна ліквідаваць ва ўстаноўленыя тэрміны.

– Тэрыторыя будаўнічай пляцоўкі, а таксама прылеглая тэрыторыя засмечана цвёрдымі камунальнымі адходамі, пластыкавымі бутэлькамі. Не вызначаны месцы складавання будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый, не ўпарадкавана захоўванне дадзеных матэрыялаў. Вызваленая тара, паддоны, упаковачны матэрыял знаходзяцца не ў спецыяльна адведзеным месцы, а хаатычна на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі. Адсутнічае рукамыйніца, вадкае мыла, ручнікі разавага карыстання для захавання правілаў асабістай гігіены. Бытавыя вагончыкі не падтрымліваюцца ў чысціні (не ўпарадкавана захоўванне спецадзення, падлога засмечаны пяском, акуркамі і г. д.), на гардэробных шафах ляжаць пластыкавыя бутэлькі, староннія прадметы, якія не адносяцца да сродкаў індывідуальнай абароны. Біяпрыбіральні не ўтрымліваюцца ў чысціні. Не ўкамплектавана аптэчка першай дапамогі. На стропах (аўтамабільны кран) адсутнічаюць замкі. У аўтамабілях няма вогнетушыцеляў і аптэчкі. На аб’екце эксплуатуюцца самаробныя лесвіцы. Вось які пералік парушэнняў, і гэта, на жаль, яшчэ не ўсе, – падкрэсліла Святлана Іванаўна.

Другі аб’ект увагі – будаўніцтва двух кароўнікаў на 777 дойных кароў і будынка даільна-малочнага блока на МТФ “Засецце” сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк”. Падрадная арганізацыя – дзяржаўнае прадпрыемства “Лидская ПМК-169”.

Тут візіт спецыялістаў звыклага рытму працы не змяніў. Першае ўражанне сапраўды прыемнае: рабочыя ў касках, у спецыяльным адзенні. Аднак спецыялісты ўбачылі і парушэнні, неабходныя для ліквідацыі: тэрыторыя засмечана цвёрдымі камунальнымі адходамі;

не ўпарадкавана захоўванне будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый; вызваленая тара, паддоны, упаковачны матэрыял знаходзяцца не ў спецыяльна адведзеным месцы; для захавання правілаў асабістай гігіены адсутнічае рукамыйнік, вадкае мыла, ручнікі разавага карыстання; туалет у няспраўным стане і чысціні;

не ўкамплектавана аптэчка першай дапамогі.

Таксама мабільная група наведала ў гарпасёлку Наваельня будаўнічую пляцоўку капітальнага рамонту жылога дома № 8 па вуліцы Снітко і аб’ект добраўпарадкавання зямель агульнага карыстання з устройствам пешаходных дарожак і аўтамабільных парковак паміж вуліцамі Леніна і Шашэйнай (генпадрадная арганізацыя двух аб’ектаў УСР ААТ “Будкомплекс”).

Рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў, выяўленых мабільнай групай, накіраваны кіраўнікам арганізацый.

Ірына КАМАРОВА
Фота аўтара, мабільнай группы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: