Лепшыя ў інтэлектуальным марафоне “Аўтограф-2024”

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Дыпломам І ступені інтэлектуальнага марафону “Аўтограф” адзначана каманда “Біткоін” Дварэцкай сярэдняй школы.

Трэці сезон гэтай прафарыентацыйнай анлайн-гульні ладзіўся факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Спаборніцтвы праходзілі з 4 сакавіка па 19 красавіка сярод каманд навучэнцаў 9-11 класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі Прынёмання.

У “займальнае падарожжа” па свеце медыя разам з іншымі школьнікамі адправіліся адзінаццацікласнікі Дварэцкай сярэдняй школы Вераніка Губко, Уладзіслаў Кашко, Любоў Ляўшук, Анастасія Сідорчык, Павел Мацюк пры падтрымцы педагога ўстановы Віталя Халюкова.

Удзельнікі спаборніцтваў даведаліся аб культуры стасункаў у інтэрнэце, напаўненні асабістага акаўнта ў сацсетках, пабудове я-вобраза ў віртуальным свеце. Праект рэалізуецца дзякуючы рабоце Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, рэдакцыі абласной газеты “Гродзенская праўда” і рэдакцый раённых газет Гродзенскай вобласці. Ён скіраваны на выхаванне медыяадукаванай моладзі: са школьнага ўзросту развівае ў навучэнцаў прафесійныя кампетэнцыі ў сферы камунікацый.

Фінал гульні і ўзнагароджанне адбыліся ў рамках VI Рэспубліканскага моладзевага фестывалю-конкурсу “Медыясфера-2024”.

Уражаннямі ад перамогі каманды ў трэцім сезоне гульні і фестывалі падзялілася капітан “Біткоіна” Анастасія Сідорчык:

– На працягу месяца каманда выконвала розныя заданні, звязаныя са сферай камунікацыі і медыя: мы карэкціравалі памылкі маўлення ў відэароліку, рабілі фотаздымкі, распазнавалі міфалагічных істот па “іх профілі” ў сацыяльных сетках, самі здымалі відэа аб неалагізмах і архаізмах, выконвалі іншыя заданні. Калі нас запрасілі на фінал гульні, была надзея, што ўвойдзем у тройку лепшых – цудоўна, што мы сталі пераможцамі. Гэта радасна, нечакана, мы ўсе вельмі задаволены вынікам. Фінал інтэлектуальнага марафону “Аўтограф-2024” праходзіў сярод шасці лепшых каманд Гродзеншчыны ў фармаце абмеркавання этапаў гульні, іх аналізу, выказвання ўласных уражанняў і эмоцый, таксама мы “рашалі” такія ж заданні, якія атрымлівалі раней. У выніку журы палічыла наш “Біткоін” дастойным дыплома І ступені.

Увогуле, паездка на фестываль-конкурс “Медыясфера-2024” была пазітыўнай і цікавай. Мы паслухалі абарону праектаў іншых удзельнікаў фестывалю, пабывалі на майстар-класах прафесіянальных журналістаў і фатографаў. Гэта быў цудоўны вопыт, бо ў кожнага з сучасных маладых людзей ёсць свае профілі ў сацыяльных сетках. Мы даведаліся шмат карыснага па іх вядзенні і папаўненні, навучыліся больш удала рабіць фотаздымкі. Сярод прафесіяналаў асабіста мне цікава было паслухаць выступленне карэспандэнткі канала АНТ, якая рыхтуе для эфіру навіны і інтэрв’ю і займальна расказвала нам, як гэта адбываецца.

Конкурс “Афтограф” стаў для нашай каманды добрым вопытам, бо ён не толькі навучыў дысцыплінаванасці, адказнасці, уменню выконваць пастаўленыя задачы за кароткі час, але і згуртаваў нас як каманду, дапамог даведацца нямала новага і карыснага, сустрэцца з таленавітымі людзьмі. Таксама мы бліжэй пазнаёміліся з універсітэтам імя Янкі Купалы, куды некаторыя з членаў каманды збіраюцца паступаць на выбраныя спецыяльнасці.

Школьнікам, якія яшчэ не ўдзельнічалі ў гэтым інтэлектуальным марафоне, я раю абавязкова паспрабаваць свае сілы, бо конкурс усебакова развівае, дапамагае акунуцца ў журналісцкую прафесію і “прымераць” яе на сябе, развівае многія карысныя для жыцця навыкі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: