Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу шчырыя віншаванні з прафесійным святам прымалі работнікі сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”.
Цёплую святочную праграму “Славім людзей працы” з самымі любімымі песнямі для іх падрыхтавалі артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Не абышлося і без заслужаных узнагародаў.
Ад РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” работнікаў філіяла павіншаваў дырэктар прадпрыемства Вадзім Худык:
– Ужо два гады мы адказна працуем на землях Дзятлаўшчыны і дасягаем пэўных вынікаў. Да прафесійнага свята нашы людзі ўдастоены раённых і абласных узнагародаў, што сведчыць аб тым, што рухаемся ў правільным кірунку. Усім гэтым вынікам папярэднічала ваша сумленная праца. Прывяду некаторыя лічбы: сёлета на ўборцы зерневых і зернебабовых філіял намалаціў 56 цэнтнераў з гектара (адзін з вышэйшых вынікаў у вобласці і рэспубліцы). За гэта мы ўдастоены Дыплома ІІ ступені сярод прадпрыемстваў канцэрна, з чым вас шчыра віншую. За 4 апошнія гады тэмп росту па ўдоях малака на ўмоўную галаву БРЖ дасягнуў 212 %. Радуе і нарыхтоўка кармоў у 38 кармавых адзінак на ўмоўную галаву – стабільнасць, якая дазваляе быць упэўненымі, што малочная вытворчасць будзе забяспечана якаснымі кармамі. Высокай ураджайнасцю, 34 цэнтнеры з гектара, парадаваў алейны рапс. Мы працуем па тэхналагічных картах, абнаўляем машынна-трактарны парк, ведаем і стараемся забяспечыць патрэбы розных напрамкаў вытворчасці філіяла. Сёння на сельскай гаспадарцы “завязаны” многія кірункі развіцця нашай краіны. Віншую вас з дастойнымі вынікамі, жадаю здароўя, дабрабыту, міру і магу сказаць, што фінансавае ўзнагароджанне будзе адпаведным, пра што сведчыць тэмп росту зарплаты 134 % у параўнанні да мінулагодняга ўзроўню. Са святам вас, поспехаў і ў наступным годзе!
Віншавальную эстафету ў Вадзіма Андрэевіча пераняў начальнік сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч:
– Жадаю вам у гэтыя святочныя дні цудоўнага настрою, бо вы выдатна папрацавалі. Сёння мы дастойна выглядаем не толькі на раённым, але і на абласным узроўнях. Гэтаму спрыяюць у тым ліку дапамога з боку кіраўніцтва РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” і Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, якія падтрымліваюць плённыя пачынанні філіяла. Дзякуй за супрацоўніцтва і старанную працу.
Па добрай традыцыі сельскіх працаўнікоў Аляксандр Грынкевіч уручыў каравай новага ўраджаю Вадзіму Худыку.
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка зазначыў, што яму прыемна знаходзіцца ў калектыве філіяла, дзе па-сямейнаму цёпла і ўтульна, дасягнуты лепшыя паказчыкі па ўраджайнасці і кармах. Віталій Тадэвушавіч падкрэсліў, што яны даюцца толькі карпатлівай працай, часам без выхадных, аднак радуе, што заадно расце даход работнікаў і дастатак філіяла. Ён пажадаў прысутным далейшых поспехаў, добрага настрою, усяго найлепшага і ўручыў Падзячныя лісты Дзятлаўскага райвыканкама брыгадзіру вытворчай брыгады ў жывёлаводстве Алене Баковіч, раённага Савета дэпутатаў – брыгадзіру вытворчай брыгады МТФ “Засецце” Тэрэзе Чырко.
Урачыстую цырымонію ўзнагароджання прадоўжыў Вадзім Худык. Ганаровую грамату РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” ён уручыў ветфельчару МТФ “Засецце” Але Бандарэнка, Падзяку – ветэрынарнаму доктару МТФ “Хадзяўляны” Наталлі Андруцэвіч
Ганаровымі граматамі прадпрыемства адзначаны бухгалтар Яніна Кійко, ветфельчар Святлана Ціхан, вадзіцель Вячаслаў Глубокі, трактарыст-машыніст Руслан Міклаш.
Дыпломы атрымалі трактарысты-машыністы Алег Ломаць, Алег Паўловіч, Дзмітрый Грыцко, вадзіцель Яўген Ярмош, аператар штучнага асемянення Жанна Сітніч, аператар машыннага даення Святлана Саплевіч, жывёлавод Кацярына Латушка, брыгадзір вытворчай брыгады па раслінаводстве Юрый Лабарэвіч.
Дзякуючы працавітым рукам, мудрасці, вопытнасці і старанням аграрыяў жыве і працвітае наша ўраджайная ніва, а таму для іх гучалі найлепшыя песні і пажаданні.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga