Юная новаяльнянка адзначана міжнародным медалём

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

19 красавіка ў Мінску, у пасольстве Чэшскай Рэспублікі, прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання юных беларускіх мастакоў у рамках 51-й Міжнароднай выставы дзіцячай творчасці LIDICE-2023.

Сярод намінантаў у мерапрыемстве ўдзельнічала наша зямлячка Аляксандра Якшук.

Часовы павераны ў справах Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Томаш Крыл уручыў узнагароды і падарункі таленавітым дзецям.

Міжнародная выстава мастацкіх твораў дзяцей у Лідзіцэ была заснавана ў 1967 годзе ў памяць дзяцей з чэшскай вёскі Лідзіцэ, забітых нямецкімі нацыстамі, і ўсіх іншых дзяцей, загінулых у ваенных канфліктах. З 1973 года гэтая выстава стала Міжнароднай. У 2023 годзе на ёй было зарэгістравана 16 416 работ з 83 краін свету. Ад Рэспублікі Беларусь было накіравана 214 малюнкаў, 12 з якіх адзначаны ўзнагародамі. Дзятлаўшчыну прадставіла работа навучэнкі 4 класа выяўленчага аддзялення Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандры Якшук пад назвай “Ах, балет, балет”, якую юная мастачка стварала пад кіраўніцтвам таленавітага педагога Алены Гайдук. Прафесійнае журы высока ацаніла работу Аляксандры, якая была ўдастоена найвышэйшай узнагароды выставы – медаля “Лідзіцкая ружа”.

Сама Аляксандра была прыемна ўражана паездкай у сталіцу і гасцінным прыёмам у пасольстве.

– Мы патрапілі ў атмасферу ўтульнасці і добразычлівасці. Усе былі ўважлівыя да нас, усміхаліся. Мне падарылі акварэльныя алоўкі, пенал для  іх і салодкі падарунак. Але асабліва прыемна было атрымаць медаль і дыплом з рук пасла. Цырымонія ўзнагароджання завяршылася частаваннем. Вельмі рада, што гэты адметны дзень са мной раздзяліла мая матуля, – расказала дзяўчынка.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: