Дзятлаўшчына маладая. Станіслаў Якаўчык трапіў у дзясятку

Важнае Грамадства

Вызначаны пераможцы Гродзенскага абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, у ліку якіх і наш юны зямляк – дзесяцікласнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Станіслаў Якаўчык.

Рэспубліканскі заключны этап конкурсу пройдзе ў красавіку. На ім будуць вызначаны ўдзельнікі Міжнароднага культурна-адукацыйнага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці-2024”, якія ў чэрвені адправяцца ў падарожжа па гарадах Беларусі і Расіі.

– Станіслаў, вынікі былі падведзены не ў дзень выступлення, крыху пазней. Якія эмоцыі ты адчуў, калі даведаўся пра чарговую перамогу?

– Безумоўна, быў вельмі рады трапіць у дзясятку лепшых удзельнікаў праекта нашай вобласці. Гэта шмат значыць для мяне, і я імкнуўся да выніку. Разам з тым спачатку быў здзіўлены, а затым вельмі ўзрадаваны. Вядома ж, для рэспубліканскага этапу трэба яшчэ папрацаваць, магчыма, штосьці змяніць, дапоўніць, каб і надалей выйсці ў лідары.

– Ці сочыш за навінамі аб праекце?

– Я даведаўся, што да яго далучаюцца новыя краіны. Пакуль сёлетні маршрут невядомы, аднак, мяркую, у хуткім часе ўсе гарады для наведвання будуць вызначаны. У любым выпадку трапіць нават у некалькі з іх – ужо значная магчымасць і падзея ў жыцці.

– Дзе табе хацелася б пабываць?

– Найперш наведаць гарады-героі і Маскву. Са слоў Анастасіі Шавель, мінулагодняй удзельніцы праекта і маёй сяброўкі па школе, ведаю, што ў Брэсцкай крэпасці была арганізавана рэканструкцыя першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Мне таксама вельмі б хацелася яе пабачыць.

– Калі трапіш у састаў пасажыраў, што захопіш з сабой у вандроўку на “Цягніку Памяці”?

– У наш час галоўнае – захапіць мабільны тэлефон. Абавязкова буду ўсё фатаграфаваць і здымаць відэа, дзяліцца ўражаннямі ў сацыяльных сетках і адказваць на пытанні. Пасля вандроўкі абавязкова стану агітаваць цяперашніх дзевяцікласнікаў, каб таксама паўдзельнічалі ў наступным сезоне праекта. Вельмі цікава і здорава яшчэ ў школьным узросце атрымаць падобны вопыт і ажыццявіць такое падарожжа.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: