Дзе працавала наглядальная камісія?

Важнае Улада

У папраўчай калоніі-пасяленні № 26 аграгарадка Гезгалы прайшло выязное пасяджэнне наглядальнай камісіі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі.

Коратка аб функцыянаванні папраўчай установы расказаў яе начальнік Віталій Шафаловіч.

Выхаваўчая работа ў ПКП № 26 засяроджана на пераадоленні супрацьзаконных схільнасцяў асуджаных, фарміраванні іх правасвядомасці, сацыяльных навыкаў і ўменняў для станоўчай арыентацыі ў грамадстве, забеспячэнні добрасумленных адносінаў да працы, свядомага ўключэння ў яе, умацаванні дысцыпліны і правапаслухмяных паводзінаў.

У папраўчай установе знаходзяцца асобы з іскавымі абавязкамі, якія добраахвотна праз касу пагашаюць нанесеную злачынствамі шкоду.

Вядзецца работа па стымуляванні ўмоўна-датэрміновага вызвалення: асуджаныя, якія добра сябе зарэкамендавалі, могуць на яго разлічваць. Ужо з пачатку гэтага года некалькі чалавек скарысталіся такім правам.

Выслухаўшы даклад, Вадзім Бялятка пацікавіўся, хто з асуджаных можа прэтэндаваць на перавод у ПКП № 26.

Віталій Шафаловіч патлумачыў, што ў такога зняволенага павінен быць статус “стаў на шлях выпраўлення”, а гэта ўключае прызнанне віны, законапаслухмяныя паводзіны, добрасумленныя адносіны да працы, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, прыняцце вычарпальных мераў да пагашэння ўрону ад злачынства. Пры гэтым працэдура ўключае ўзгадненне з ПКП, рашэнне камісіі ўстановы, дзе асоба адбывае пакаранне, і канчатковае рашэнне суда. Варта адзначыць, што далейшыя паводзіны асуджанага таксама важныя, бо, калі ў пасяленца ПКП фіксуюцца рэгулярныя парушэнні, ён можа быць вернуты на ранейшы рэжым адбывання пакарання.

Яшчэ Вадзіма Аляксандравіча цікавіла, як у калоніі-пасяленні ажыццяўляецца рэсацыялізацыя зняволеных.

Намеснік начальніка па папраўчым працэсе Максім Сосік адзначыў, што гэтаму спрыяюць умовы рэжыму: усе пасяленцы працуюць і зарабляюць грошы, вучацца імі карыстацца для набыцця прадуктаў харчавання, адзення, забеспячэння іншых жыццёвых патрэбаў, тут можна мець кнопачны мабільны тэлефон, без абмежавання прадастаўляюцца спатканні, што спрыяе аднаўленню сацыяльна карысных сувязяў. Прадугледжаны мерапрыемствы, якія спрыяюць рэадаптацыі: за ўласныя сродкі можна прайсці вадзіцельскія курсы ў ДТСААФ і атрымаць пасведчанне, арганізоўваюцца паездкі ў музеі, храмы, месцы гістарычнай славы, ладзяцца спартыўныя спаборніцтвы як у калоніі, так і за яе межамі. На тэрыторыі пасялення таксама ёсць свой храм, трэнажорная зала, спартыўная пляцоўка, магазін, інтэрнат для спатканняў, жылы і адміністрацыйны корпусы, лазня, сталовая, вытворчы ўчастак па дрэваапрацоўцы.

Каб не быць галаслоўнымі, Віталій Шафаловіч і Максім Сосік запрасілі членаў наглядальнай камісіі азнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай папраўчай установы.

Затым адбыўся асабісты прыём асуджаных, які правялі Вадзім Бялятка і кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч. Скаргаў не паступіла, усе пытанні тычыліся працаўладкавання пасля адбыцця пакарання.

Падводзячы вынікі выязнога пасяджэння, Вадзім Бялятка адзначыў, што ў папраўчай калоніі-пасяленні № 26 створаны дастойныя ўмовы для рэсацыялізацыі зняволеных і далучэнні іх да карыснай працы і грамадскіх спраў. Дарэчы, у наймальнікаў нашага раёна такія работнікі таксама запатрабаваны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga