Яраслаў Урбан: “Быць стыпендыятам прэзідэнцкага фонду ганарова”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У Дзень 30-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ва ўрачыстай абстаноўцы на вучнёўскай лінейцы пасведчанне аб занясенні ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў было ўручана дзесяцікласніку сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Яраславу Урбану, які адзначаны яшчэ і спецыяльнай прэміяй фонду.

З віншаваннямі да Яраслава звярнуліся начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, загадчык раённага метадычнага кабінета Таццяна Кулеш, дырэктар сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Іван Кібінь.

– Адметна выконваць такую пачэсную місію ў 30-гадовы юбілей Канстытуцыі, – адзначыла Марына Лашкоўская. – Заўсёды радасна, калі ў вучняў раёна ёсць такія важкія дасягненні, як занясенне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта, прысуджэнне прэмій. З задавальненнем перадаю гэта пасведчанне з асабістым подпісам Аляксандра Лукашэнкі Яраславу Урбану – “пераможцу рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару навучэнцаў па вучэбных прадметах”. Вам у школе цяпер ёсць на каго раўняцца, хаця я ўпэўнена, што і ў астатніх нямала перамог. Аднак усе дасягненні магчымы, калі побач бацькі, бо толькі сумесна з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, пры вялікім жаданні і стараннай працы вучня дасягаюцца такія вынікі. Імкніцеся, старайцеся, перамагайце і будзьце дастойнымі грамадзянамі Беларусі, бо вы – наша будучыня.

Марына Лашкоўская і Іван Кібінь уручылі Яраславу пасведчанне, а яго матулі Святлане Урбан, педагогу гэтай школы – кветкі.

– Я вельмі ўдзячна адміністрацыі школы за магчымасць працаваць у камфортных умовах, – падзякавала Святлана Уладзіміраўна. – Тут стаіць не толькі мой сын, тут – мае вучні, з якімі мы таксама ўдзельнічаем у конкурсах. Спадзяёмся нашы работы яшчэ стануць пераможцамі.

Мяне перапаўняе гонар за Яраслава, за Беларусь, за Прэзідэнта, які падтрымлівае таленавітую моладзь. Разам з сынам мы прайшлі доўгі шлях да галоўнай перамогі. Удзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах эсэ, дыплом ІІ ступені за абласны конкурс даследчых работ “Крыштальная Альфа”, нарэшце, прызнанне на ўсю рэспубліку. Працаваць са сваім дзіцем настаўніку проста і складана адначасова: трэба быць строгай і не забываць, што ты мама. Ганаруся нашым тандэмам і шчаслівая, што ў нас усё атрымалася.

– Упэўнены, што мы выхоўваем дастойных грамадзян нашай краіны, – выказаў думку дырэктар школы Іван Кібінь. – Няхай гэта будуць не вучоныя, але людзі з важкімі прафесійнымі ведамі, якія выдатна змогуць выконваць сваю работу.

– Быць стыпендыятам прэзідэнцкага фонду ганарова, – прызнаўся Яраслаў Урбан. – Я заўсёды выдатна вучыўся, удзельнічаў у конкурсах, патрыятычных акцыях, велапрабегах “За Беларусь”, на працягу 5 гадоў прадстаўляў раён і вобласць у рэспубліканскіх хакейных спаборніцтвах “Залатая шайба”. Лічу, што галоўнай сваёй перамогай абавязаны маме, якая не толькі была ў ролі навуковага кіраўніка даследчых работ, але і пастаянна падбадзёрвала, надавала ўпэўненасці.

Я амаль выпускнік, планую пакараць інжынерна-будаўнічую сферу, таму паглыблена вучу матэматыку і фізіку. Упэўнены, што веды і навыкі, набытыя пры распрацоўцы даследчых работ, таксама спатрэбяцца ў жыцці. Сваім равеснікам жадаю верыць у сябе, уласныя сілы, старанна вучыцца і рабіць усё, каб быць карысным сваёй Радзіме.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: