Замест “дзякуй” – непрыемны каментарый

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У сацыяльных сетках з’явіўся пост аб тым, што ў вёсцы Міроўшчына па адной з вуліц цякуць стокавыя воды з каналізацыі, і адказныя службы не звяртаюць на гэта ўвагі.

Давялося аб’ектыўна і дэталёва разабрацца ў сітуацыі.

Як высветлілася, аб’ект (праблемны ўчастак каналізацыйных сетак) знаходзіцца на балансе ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, таму і праблему патлумачыў дырэктар гэтага прадпрыемства Уладзімір Жых.

– Рамонт каналізацыі мы распачалі на карысць жыхароў, бо на гэтым участку здарылася паломка. Работы выконвае арганізацыя-падрадчык. Прыступалі да іх, калі яшчэ стаяла халоднае надвор’е. Цяпер пацяплела, растаў снег, амаль кожны дзень ідзе дождж. Безумоўна, у траншэі, дзе адбываецца замена камунікацый, сабралася шмат вады. Каб выканаць усе неабходныя работы і замяніць трубы, яе даводзіцца выдаляць з дапамогай помпы. Выкачаную ваду людзі і палічылі за сцёк каналізацыі, аднак гэта зусім не так.

Безумоўна, рамонт прынёс пэўныя нязручнасці. На прылеглай тэрыторыі стала гразка. Аднак і рабочыя працуюць у холадзе, брудзе, вадзе. Мы маглі б адкласці добраўпарадкаванне ўчастка на больш позні час, калі ўсё высахне, стане цяпло, але ці задаволіць гэта жыхароў, якія не змогуць карыстацца пашкоджанай каналізацыяй. Адрамантаваць засталося невялікі кавалачак, работы хутка скончым, тэрыторыю прывядзём у належны стан.

У дапаўненне да словаў кіраўніка прадпрыемства можна сказаць толькі адно: усе мы хочам жыць з камфортам, аднак даецца ён няпроста: ні тэхніка, ні камунікацыі не служаць вечна. Яны час ад часу патрабуюць рамонту. Яго, як сцвярджаюць філосафы, “трэба перажыць”. Вельмі сумна, калі на адрас работнікаў, якія ствараюць выгоды не для сябе, а для іншых, замест “дзякуй” гучыць непрыемны каментарый.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga