Школьнікаў навучаць дзейнічаць у экстраннай сітуацыі

Важнае Грамадства

У Беларусі 16 сакавіка будзе дадзены старт сумеснаму навучальнаму праекту Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі “Запусці сэрца”.

Больш падрабязна аб ім расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Удзел у праекце прымуць 90 навучэнцаў 10-х класаў. Пляцоўкай для рэалізацыі ініцыятывы вызначана сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава, каардынатарам на ўзроўні раёна – метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Дуброўская.

Праект скіраваны на навучанне дзесяцікласнікаў комплексу дзеянняў, якія могуць выратаваць жыццё чалавеку, жыццё якога аказалася пад пагрозай, фарміраванню ў іх навыкаў базавай сардэчна-лёгачнай рэанімацыі пры аказанні першай дапамогі.

Прадугледжана правесці адно паўтарагадзіннае мерапрыемства з тэарэтычнай і практычнай часткамі. У час яго навучэнцы разгледзяць прынцыпы аказання першай дапамогі, акрэсленыя рэкамендацыямі Міжнароднага кіраўніцтва па першай дапамозе і рэанімацыі Міжнароднага фонду Чырвонага Крыжа, а таксама найбольш актуальныя пытанні аказання базавай сардэчна-лёгачнай рэанімацыі паводле пратаколаў Еўрапейскага савета па рэанімацыі 2021 года.

Практычная частка будзе прысвечана адпрацоўцы атрыманых навыкаў на сучасных трэнажорах і сімулятарах, а таксама вырашэнню сітуацыйных задач у рэжыме рэальнага часу.

Заняткі ў межах праекта “Запусці сэрца” будуць праводзіць прадстаўнікі Слонімскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, на базе якога функцыянуе вучэбна-трэніровачны цэнтр, з выкарыстаннем абсталявання гэтага цэнтра.

Выніковае масавае мерапрыемства “Запусці сэрца” адбудзецца 18 мая на спартыўнай пляцоўцы ў горадзе Мінску.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga