Тэма: Злачынствы ў сферы ІТ-тэхналогій і іх прафілактыка
Факт
За апошнія гады як на тэрыторыі ўсёй Беларусі, так і ў асобных раёнах і гарадах нашай краіны пачасціліся выпадкі ўчынення злачынстваў з выкарыстаннем несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі і крадзяжом маёмасці шляхам яе мадыфікацыі. Не стаў выключэннем Дзятлаўскі раён. За 2023 год было ўзбуджана больш за 20 крымінальных спраў, пацярпелымі ад дзеянняў махляроў у якіх з’яўляюцца нашы землякі.
Слова спецыяліста
Следчы раённага аддзела Следчага камітэта Аляксей Клок:
– Прыярытэтным напрамкам службовай дзейнасці падраздзяленняў Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь на 2024 год вызначана ўдасканаленне работы па супрацьдзейнасці злачыннасці ў сферы высокіх тэхналогій.
Як правіла, такія злачынствы ўчыняюцца ў інтэрнэце з выкарыстаннем сацыяльных сетак “ВКонтакте”, месенджараў “Вайбер” і “Telegram”. Зламыснікі з карысным намерам просяць аб пераводзе грошай, пераходзе па розных спасылках нібыта для выйгрышу. На самой справе ўсё гэта яны робяць толькі для таго, каб завалодаць рэквізітамі банкаўскіх картак даверлівых грамадзян і зрабіць незаконныя пераводы іх грашовых сродкаў для далейшага выкарыстання на ўласныя патрэбы.
Статыстыка
Як заявіў на прэс-канферэнцыі ў снежні 2023 года намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства Следчага камітэта РБ Іван Судніковіч, колькасць некаторых кіберзлачынных груп дасягае некалькіх тысяч чалавек. Яны, як правіла, транснацыянальныя, маюць свае супольнасці, чаты, боты, дзе праз абяцанні лёгкага заробку ў супрацьпраўную дзейнасць уцягваюць звычайных грамадзян. Кіруючае звяно такіх груп знаходзіцца пераважна за межамі Беларусі, вельмі часта – ва Украіне, куды і выводзіцца львіная доля крадзеных грошай. На тэрыторыі Беларусі звычайна працуюць “памагатыя”. Праблема барацьбы з махлярскімі групоўкамі заключаецца ва ўзаемадзеянні па лініі праваахоўных органаў. Яно абцяжарана або адсутнічае, і “дастаць” сапраўдных інтэрнэт-злачынцаў найчасцей немагчыма.
Як падманваюць у інтэрнэце
Ёсць некалькі спосабаў рэалізацыі махлярскіх схемаў. Па-першае, гэта могуць быць абяцанні хуткага заробку або атрымання шалёных працэнтаў, праз якія злачынцы вымушаюць беларусаў інвеставаць у неіснуючыя крыптаплатформы, буйныя кампаніі. Па-другое, яны ствараюць ілжывыя сайты вядомых нацыянальных арганізацый, каб завалодаць асабістымі данымі плацельшчыкаў, якія скарысталіся гэтымі фэйк-старонкамі. Па-трэцяе, ашуканцы сталі выкарыстоўваць тэхналогіі штучнага інтэлекту для падробкі галасоў блізкіх сваіх ахвяраў, вядомых медыйных асобаў, палітыкаў, бо і такім чынам атрымліваецца выманіць у чалавека рэквізіты банкаўскіх картак. Па-чацвёртае, махляры запрашаюць падманутых да ўдзелу ў фінансавых “спецаперацыях” і афармленні крэдытаў, сродкі якіх потым адпраўляюцца на замежныя банкаўскія рахункі. Яшчэ адзін спосаб – устаноўка шкоднаснага праграмнага забеспячэння з мэтай далейшага поўнага кіравання мабільным тэлефонам пацярпелага.
Як засцерагчыся ад падману:
– не пераходзьце па спасылках, атрыманых ад невядомых людзей;
– не давайце сябрам па сацыяльных сетках пры просьбах аб грашовай дапамозе рэквізітаў сваіх банкаўскіх картак, а звяжыцеся з імі праз іншыя каналы і ўдакладніце сітуацыю;
– пры выяўленні факта ўзлому свайго акаўнта, неадкладна папярэдзьце аб гэтым сяброў па сацыяльнай сетцы;
– не перасылайце ў інтэрнэт-паведамленнях рэквізіты і фотаздымкі банкаўскіх картак і іншую асабістую інфармацыю, якой могуць скарыстацца махляры;
– калі вам тэлефануюць праз “Вайбер” ці “Ватсап” і прадстаўляюцца банкаўскімі работнікамі, ведайце, што гэта махляры, і хутчэй “скіньце” званок;
– калі вашымі банкаўскімі рэквізітамі завалодалі злачынцы, неадкладна тэлефануйце ў банк і блакуйце разліковы рахунак і асабісты электронны кабінет.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga