Таццяна Нікіпорчык: “Хочаш дапамагаць – дапамагай”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У мінскім выдавецтве “Энцыклапедыкс” пабачыла свет чарговае выданне энцыклапедыі “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь-2021”.

Кніга выпускаецца з 1999 года і ўтрымлівае звесткі аб людзях, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нашай дзяржавы. У чарговы зборнік зноў увайшлі біяграфіі тых беларусаў, хто дабіўся прафесійных і дзелавых поспехаў сваімі дасягненнямі. Сярод іх наша зямлячка – дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Нікіпорчык.

– Таццяна Сямёнаўна, ці лёгка звычайнаму чалавеку зрабіць свой уклад у гісторыю роднай краіны?

– Як чалавек веруючы, я ўпэўнена, што нічога на гэтай Зямлі не адбываецца проста так. У свой час скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, працоўную дзейнасць пачынала выхавальніцай у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава. Заўсёды старалася як мага больш укласці ў сваіх выхаванцаў. Працаваць з дзецьмі падабалася, бо іх можна пахваліць, прылашчыць, заахвоціць цікавай справай. У 2009 годзе мне прапанавалі стаць загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”. Яго наведвальнікі – дарослыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, вядома ж, адрозненне значнае. Аднак рукі не апусціла: зразумела, што пабудаваць работу павінна так, каб новым выхаванцам падабалася ў аддзяленні, каб у “Праменьчыку” яны атрымлівалі душэўнае цяпло, адчувалі паразуменне. У хуткім часе мы сталі адной дружнай камандай, пачалі сябе праяўляць, актыўна ўдзельнічаць у раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах і конкурсах. Дзякуючы поспехам маіх выхаванцаў маю работу таксама заўважалі ў раёне і вобласці, а ў 2013 годзе прапанавалі ўзначаліць калектыў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. На пасадзе дырэктара я ўжо 9 гадоў, увесь гэты час стараюся ўнесці нешта новае ў работу кожнага аддзялення, і па многіх паказчыках наш цэнтр вырас. Маё крэда: “Хочаш дапамагаць – дапамагай”. Магчыма, я не магу дапамагчы кожнаму, але падкажу, куды трэба звяртацца для вырашэння праблемы. На маю думку, галоўнае – умець выслухаць чалавека, тады ён застанецца задаволены, скажа “дзякуй”.

Разам з тым, лічу, што людзі не павінны быць спажыўцамі. Калі мы што-небудзь атрымліваем ад жыцця, то яшчэ больш павінны даць узамен, каб перадалося будучым пакаленням. Мы павінны жыць дастойна, паважаць тое, што атрымалі ад продкаў – гэта і ёсць захаванне гістарычнай памяці, а плён нашых спраў і тое, што мы пакінем нашчадкам, – уклад у гісторыю роднай краіны.

– Вы таленавітая ў многім, чаму выбралі сацыяльную сферу?

– Сацыяльная сфера – гэта работа з людзьмі. Калі чалавек ўзаемадзейнічае з іншымі, ён аддае сваю энергію, атрымліваючы узамен словы падзякі і прызнання, здараецца і негатыў. Аднак і адмоўная энергія служыць нам штуршком для выпраўлення і роздуму: што мы зрабілі не так, ці не пашукаць для рашэння праблемы іншы шлях? У любым выпадку станоўчыя і адмоўныя моманты дапамагаюць развівацца, выконваць сваю работу якасна. Галоўнае, разумець гэта, не злавацца і не крыўдзіцца, а ўспрымаць правільна. Мне сацыяльная сфера дапамагла раскрыцца: у мяне наладжаны стасункі з людзьмі, на мерапрыемствах таксама імкнуся пакінуць след у душах удзельнікаў, бо здараецца, што некалькі сказаных словаў для каго-небудзь стануць адказам на хвалюючае пытанне, дапамогуць прыняць правільнае рашэнне.

– З некаторага часу вас можна назваць “медыйнай асобай”, бо часта з’яўляецеся на старонках газет і тэлебачанні. Што імкняцеся выказаць?

– Мы, беларусы, міралюбівыя, гасцінныя, спагадлівыя людзі, таму не стамляюся паўтараць, што мы павінны жыць у міры і згодзе, дапамагаць адзін аднаму, радавацца поспехам іншых, а каб развіваць нашу краіну – старанна працаваць.

– Не памылюся, калі скажу, што ўсё ж ваш дэвіз – “не словам, а справай”?

Сапраўды, са сваім калектывам я стараюся быць разам у працоўных дэсантах, культурна-масавых мерапрыемствах, грамадска-палітычнай дзейнасці, таму што лічу: кіраўнік павінен з’яўляцца прыкладам для работнікаў. Часам прашу падначаленых зрабіць што-небудзь, што не ўваходзіць у іх абавязкі, тлумачу, што толькі такім чынам можна вырашыць праблему. Вельмі ўдзячна, што калегі адгукваюцца, падтрымліваюць мяне. Мы можам закасаць рукавы, прыбраць дома і на ўчастку пажылога земляка, які сам ужо не разумее, што быт яго даўно не ідэальны. Умовы жыцця чалавека мяняюцца да лепшага, а суседзі бачаць, што сацыяльная служба рэальна працуе.

– Таццяна Сямёнаўна, сярод узнагарод якія лічыце самымі важкімі для сябе?

Ад першай да апошняй узнагароды – гэта яшчэ і заслуга майго калектыву, які падтрымлівае мяне. Кожная з іх значная: першая – расправіла крылы, другая – паказала, што справімся і на іншым участку, усе наступныя пацвярджалі, што добрыя справы не застаюцца незаўважанымі, а таму падштурхоўвалі зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае для сваёй краіны, народа, раёна.

– Вы дэлегат VІ Усебеларускага народнага сходу. Калі рэферэндумам органу будзе нададзены канстытуцыйны статус, у бліжэйшыя чатыры гады вас чакае шмат спраў і адказнасці. Што застанецца ў прыярытэце?

Цаню тую вялікую адказнасць, што ўсклала на мяне раённая арганізацыя “Беларускі саюз жанчын”, ад якой я была выбрана дэлегатам. Вельмі ўдзячна зямлячкам, што змагла пабываць на такім маштабным форуме, убачыць нашага Прэзідэнта, якога заўсёды падтрымліваю, убачыць заслужаных людзей, якія ўносяць уклад у развіццё Беларусі, зарадзіцца ад іх каласальнай энергіяй. Буду рада і ў далейшым выконваць абавязкі, ускладзеныя на мяне як члена Усебеларускага народнага сходу.

– Станаўленне асобы адбываецца ў грамадстве, назавіце людзей, якія падаюць вам прыклад у жыцці?

Як грамадска-палітычны дзеяч – гэта Прэзідэнт, моцны, валявы чалавек. Як для мамы, прыкладам мне паслужылі бацькі, бабулі, сваякі, якія далі дастойнае выхаванне. Калі прыязджаю да пажылых людзей, таксама бачу нямала станоўчых прыкладаў, бо і мне хочацца дажыць да шаноўнай старасці, бачыць побач працаздольных дзяцей, якія рупліва клапоцяцца пра мяне. У калектыве таксама заўважаю шмат жанчын, на якіх варта раўняцца. Я ўдзячна, што магу вучыцца лепшаму ў людзей, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху.

– Жанчына – гэта не толькі лідар і прафесіянал, але і ахоўніца дамашняга ачага. Як удаецца ўсё паспяваць, хто забяспечвае “надзейны тыл”?

– Я ўдзячна Богу за бацькоў, якія далі мне, дастойнае выхаванне, вышэйшую адукацыю. Усё гэта наклала адбітак на мой характар і дапамагае ў прафесійнай дзейнасці. Ведаю, што не заўсёды магу надаць сям’і столькі часу, колькі чакаюць родныя. Я люблю сваіх дзяцей і сям’ю, але люблю і работу, якой прывыкла прысвячаць кожную вольную хвілінку, а калегі, побач з якімі знаходжуся штодзень, даўно сталі не чужымі людзьмі. Удзячна і сваёй бабулі за тое, што ў дзяцінстве навучыла кожны вечар падводзіць вынікі дня: што зроблена, з чаго трэба пачынаць справы заўтра. Такая звычка цяпер дапамагае мне як кіраўніку вялікага калектыву. Я вельмі патрабавальны да сябе і іншых чалавек, таму шчыра дзякую і родным, і калегам за тыя цярпенне і вытрымку, якія яны праяўляюць, за іх падтрымку, якая дапамагае мне рухацца наперад.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: