Хвіліны душэўнасці. 90-я вясна Марыі Сцяпура

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вёска Навікі – прыгожы куточак нашай малой радзімы.

Менавіта сюды праклаў свой чарговы маршрут сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”.

На гэты раз сонечным сакавіцкім днём артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Бакшук, Святлана Венская, Іван Кашко накіраваліся па сакрэты даўгалецця да мясцовай доўгажыхаркі, мудрай, чулай жынчыны Марыі Сцяпура.

Сёлета Марыя Пятроўна сустрэла сваю 90-ю вясну. Госці пажадалі імянінніцы ясных і сонечных дзён, моцнага здароўя, бадзёрасці духу, самых прыемных сустрэч і абавязкова дажыць да векавога юбілею.

Падрыхтавалі для доўгажыхаркі і цёплую песенную паштоўку, якая прыўнесла ў простыя вясковыя будні яркія ноткі і цудоўны настрой. Знаёмыя мелодыі гармоніка паліліся над вясковым падворкам, драўляным домам і ваколіцай, атуленай ляском, дзе побач блакітнай стужкай віецца невялікая плыткая рачулка Вязаўка.

– Вы не глядзіце, што рэчка наша малая, – паглыбляючыся ва ўспаміны аб мінулым, звярнулася да сваіх гасцей Марыя Пятроўна. – У свой час напрадвесні яна “падкідвала” месцічам вялікія сюрпрызы. Мне, напрыклад, каб дайсці да калгаснай фермы, дзе гадавала цялят і адпрацавала ўсё жыццё, вясной даводзілася разбувацца і басанож пераходзіць нашу Вязаўку ў брод па ледзяной вадзіцы.

Хто ведае, можа, менавіта гэтыя “моманты бадзёрай хады”, якія штогод паўтараліся з нязменнай рэгулярнасцю, сталі своеасаблівай загартоўкай для здароўя будучай доўгажыхаркі?

Аднак сама Марыя Сцяпура схільная лічыць, што сакрэтамі яе даўгалецця з’яўляецца зусім іншае. З упэўненасцю Марыя Пятроўна выказвае ўласны пункт гледжання:

– Імкнулася прымаць жыццё такім, якое яно ёсць, шмат працавала, у хвіліны роспачы старалася не ўпадаць у засмучэнне, верыла і часта малілася Богу.

Варта адзначыць, што жыццё не песціла нашу зямлячку. Калі Марыі было ўсяго 9 гадоў, на вайне загінуў яе бацька Пётр Сільвестравіч, неўзабаве памерла і матуля. Круглымі сіротамі ў вельмі цяжкі час засталіся маленькая Марыя і яе брат. І вось тут вялікую павагу і пашану трэба аддаць іх дзядулю Сільвестру Іванавічу, які не здаў унукаў у дзіцячы дом, прытуліў у сябе, гадаваў і выхоўваў сам.

Гэты блізкі, любімы і паважаны чалавек памёр, калі Марыі споўнілася 17 гадоў. Так яны з братам засталіся адны. Аднак маладосць рухае жыццё наперад, дораць надзею: неўзабаве Марыя Пятроўна выйшла замуж за простага хлопца Леаніда Сцяпуру. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей.

Цяпер юбілярка за ўсё дзякуе Богу. У свае шаноўныя дзевяноста яна яшчэ можа спраўляцца з няхітрымі бытавымі справамі і радуецца кожнаму дню.

На развітанне госці пажадалі Марыі Сцяпура, каб шчасце часцей зазірала ў яе простую вясковую хату, каб надзейнымі былі падтрымка дзяцей, унукаў і праўнукаў, іх разуменне і добрыя адносіны, каб сваёй бабулі яны дарылі цяпло і радасць.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі арганізатараў праекта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga