Ва ўрочышчы “Рыбакі” Дзятлаўскі лясгас правёў агляд гатоўнасці сіл і сродкаў пажаратушэння да пажаранебяспечнага перыяду 2024 года.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Яўгеній Ашаеў, адміністрацыя і прадстаўнікі ўсіх 9 лясніцтваў Дзятлаўскага лясгаса, прадстаўнікі Дзятлаўскіх райаддзела па надзвычайных сітуацыях і райбальніцы.
– Плошча Дзятлаўскага лясгаса складае 85 тысяч гектараў, сярэдні клас пажарнай бяспекі – 2,6. У арсенале лясной аховы ёсць 5 камер аўтаматызаванай сістэмы відэаназірання “Лясны страж”, размешчаных на вышках сотавай сувязі, а таксама 6 камер відэаназірання, устаноўленых на 8 пажарна-назіральных вышках і мачтах. На агляд былі прадастаўлены 9 лесапажарных брыгад лясніцтваў і лесапажарная каманда лясгаса, 9 аўтамабіляў першага ходу і 9 трактароў з плугам, а таксама 2 пажарныя аўтамабілі, укамплектаваныя сродкамі пажаратушэння згодна з пералікам для аператыўнага рэагавання ў выпадку пажару, – паведаміў намеснік кіраўніка Аляксей Урбановіч.
Папярэдне было праведзена каля 100 гадзін тэхнічнай вучобы лясной аховы, вынік якой падвёў экзамен. Акрамя ведаў, удзельнікі агляду прадэманстравалі экіпіраванасць камплектамі вогнеахоўнага адзення, сродкамі абароны для вачэй і органаў дыхання ва ўсіх лесапажарных камандах і брыгадах; адпрацавалі дзеянні пры выяўленні і тушэнні пажараў, навыкі аказання першай неадкладнай дапамогі.
Усе структурныя падраздзяленні Дзятлаўскага лясгаса да пажаранебяспечнага сезона гатовы – такая выснова была зроблена па выніках праверкі.
Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены Дзятлаўскім лясгасам
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga