Застрахаваны той, хто застрахаваны

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У нашай краіне найбуйнейшай страхавой арганізацыяй з’яўляецца Беларускае рэспубліканскае ўнітарнае страхавое прадпрыемства “Белдзяржстрах”.

Сёлета яму спаўняецца 97 гадоў з дня заснавання.

Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне ўносіць дастойны ўклад  у агульную скарбонку рэспубліканскага прадпрыемства, утрымлівае стабільныя пазіцыі на рынку страхавых паслуг і забяспечвае надзейную рэгіянальную страхавую абарону насельніцтва і юрыдычных асоб.

Напярэдадні прафесійнага свята аб асаблівасцях працы, дасягненнях і перспектывах развіцця расказаў дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне Сяргей Пыл:

–  Да даты свайго прафесійнага свята калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне падышоў з багатым багажом вопыту, сур’ёзнай базай кліентаў і добрымі вынікамі.Нашымі кліентамі па розных відах страхавання з’яўляюцца некалькі тысяч жыхароў Дзятлава і Дзятлаўскага  раёна, а таксама шматлікія арганізацыі і прадпрыемствы. У раёне намі заключана  больш за 19 тысяч дагавораў страхавання, у тым ліку звыш 14 тысяч дагавораў – па добраахвотных відах страхавання. Адзначу, што за апошнія 10 месяцаў мы зрабілі выплаты страхавой кампенсацыі па 460 страхавых выпадках. Гэта больш за 325 тысяч рублёў.

Сучасны страхавы работнік – гэта прафесіянал, тонкі псіхолаг, які можа граматна растлумачыць кліенту ўмовы і віды страхавання, гэта кваліфікаваны спецыяліст, які  паглыбляецца ў розныя жыццёвыя сітуацыі і прыкладае максімальныя намаганні, каб аказаць своечасовую належную дапамогу.

Хачу адзначыць, што супрацоўнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне – надзейная, дружная і згуртаваная каманда. У нашым калектыве працуюць 25 чалавек, з іх 14 – страхавыя агенты. За плячыма многіх – вялікі вопыт працы, якім яны з задавальненнем дзеляцца са сваімі маладымі калегамі.

Магу з упэўненасцю адзначыць, што нашы спецыялісты любяць сваю справу і заўсёды сумленна яе выконваюць, арыентуючыся на самыя высокія паказчыкі ў працы, заўсёды знаходзяць узаемаразуменне са звычайнымі людзьмі і з прадстаўнікамі бізнэсу. Мы імкнёмся пабудаваць надзейныя і доўгатэрміновыя адносіны з нашымі партнёрамі.  Перад усімі нашымі работнікамі ставяцца няпростыя задачы, якія адказна выконваюцца.

– Белдзяржстрах – заўсёды маладая і дынамічная кампанія, якая ўпэўнена ідзе ў будучыню, грунтуючыся на 97-гадовым вопыце дапамогі  людзям і захоўваючы пры гэтым свае лепшыя традыцыі,– адзначае вядучы эканаміст прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне Ірына Пыл. – Страхаванне – гэта свайго роду абарона ад страху застацца адзін на адзін з бядою, ад страху згубіць усё тое, куды ўкладзена шмат працы.  Вельмі важным лічу данесці да людзей той факт, што нашы паслугі дапамагаюць не толькі засцерагчы сябе ў форс-мажорнай сітуацыі, але і дадаюць  упэўненасці ў заўтрашнім дні.  Далёка не ўсе грамадзяне могуць мець у запасе вялікую суму грошай, якую можна выкарыстоўваць для аднаўлення сваёй маёмасці. Белдзяржстрах мае такія рэсурсы і гатовы хутка і ў тэрмін зрабіць неабходныя выплаты. Сёння ў нашай кампаніі  створана аператыўная ўніверсальная сістэма кампенсацыі страт. Можна быць упэўненым, што Белдзяржстрах якасна абслужыць сваіх кліентаў у любы час і ў любым населеным пункце.

– Веды, вопыт і высокі прафесіяналізм – вось якасці, неабходныя для выканання агентамі сваіх абавязкаў , – адзначае страхавы агент Сяргей Казак. –  Наша работа штодня будуецца на  кантактах з людзьмі, а для паспяховага вядзення перамоваў мы павінны добра валодаць камунікатыўнымі навыкамі, выдатнымі ведамі ў галіне страхавога заканадаўства, умовамі страхавання.Мы імкнёмся ў самыя кароткія тэрміны наведаць страхавальнікаў, зрабіць агляд усёй пашкоджанай маёмасці і тэрмінова выплаціць страхавыя выплаты. Асноўны прынцып нашай працы – хуткае і якаснае абслугоўванне страхавальнікаў.

– Якія віды страхавых паслуг сёння найбольш запатрабавальныя жыхарамі Дзятлаўскага раёна?

– Найбольшая колькасць заключаных страхавых дагавораў тычыцца маёмаснага страхавання. Сёння людзі асабліва клапоцяцца пра свае кватэры, дамы, дачы, аўтамабілі, хатнюю маёмасць, акрамя гэтага, часцей сталі страхавацца ад няшчасных выпадкаў. Радуе, што нашы кліенты клапоцяцца пра сваё здароўе. Становіцца ўсё больш запатрабаваным добраахвотнае страхаванне транспартных сродкаў “Аўтакаска”. Жыхары раёна набываюць аўтамабілі, і бяспека транспарту патрабуе страхавой абароны.

– У нашым калектыве шмат людзей, якія прыйшлі з розных сфераў працоўнай дзейнасці, –  дзеліцца назіраннямі вядучы спецыяліст Ірына Баброўская. –  І ўсіх аб’ядноўваюць актыўная жыццёвая пазіцыя, вера ў свае сілы, імкненне ўдасканальвацца, дасягаць патрэбнага выніку, добрасумленнасць і адказнасць.  Нашу працу можна параўнаць з рамянём бяспекі. Страхоўка забяспечвае гарантыі і абароненасць, а мы  павінны ўмела распараджацца гэтым інструментам. Хачу ад шчырага сэрца павіншаваць сваіх калег з прафесійным святам, пажадаць ім моцнага здароўя, натхнення, сіл у працы, дабра, мірнага і светлага жыццёвага шляху, шчаслівых і радасных момантаў, карысных і важных сустрэч. Няхай добры  лёс страхуе кожнага  ад бяды і непагадзі, а ў жыцці няхай заўсёды існуюць  надзейныя інструменты бяспекі.

Многія страхавыя агенты прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне працуюць у гэтай сферы на працягу некалькіх гадоў. Лепшымі страхавымі агентамі сёлета прызнаны Сяргей Казак – узнагароджаны Падзячным лістом філіяла Белдзяржстраху па Гродзенскай вобласці і Павел Аблажэй – узнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага  прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў.

Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне на чале з кіраўніком Сяргеем Пылам віншуе з Днём страхавых работнікаў усіх страхоўшчыкаў, а таксама кліентаў – арганізацыі і жыхароў раённага цэнтра.

– Усім сваім калегам і і ветэранам хачу сказаць вялікае дзякуй за працу, жадаю здароўя і дабрабыту на многія гады. Кліентам, партнёрам зычу ўдачы, росквіту, плённага супрацоўніцтва з намі і ўсіх чалавечых даброт. Няхай страхавы поліс нашай кампаніі робіць людзей, юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў раёна  эканамічна абароненымі, дае ім спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Памятайце: застрахаваны той, хто застрахаваны.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *