Сумесны шлях – сумесныя каштоўнасці

Важнае Грамадства

У Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося культурна-адукацыйнае мерапрыемства “Сумесны шлях”.

Удзел у ім прынялі намеснікі старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка і Вольга Жэлезоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Рагачова, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, навучэнцы, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюза.

Экскурс у гісторыю нагадаў, што менавіта 2 сакавіка 1996 года прэзідэнты дзвюх краін падпісалі дагавор “Аб стварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі”, які стаў адпраўным пунктам інтэграцыі. У 1997 годзе быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, скіраваны на паляпшэнне ўзроўню жыцця народаў, умацаванне сяброўскіх сувязяў і супрацоўніцтва. Наступным важным этапам у развіцці саюзных адносінаў стала падпісанне Дэкларацыі аб далейшым яднанні, Дагавора аб роўных правах грамадзян, Пагаднення аб стварэнні роўных умоваў для суб’ектаў гаспадарання і Пратакола да яго. Так прэзідэнты абедзвюх краін пацвердзілі намер рухацца па шляху добраахвотнага аб’яднання ў Саюзную дзяржаву, пры гэтым захоўваючы нацыянальны суверэнітэт кожнай з краін. 8 снежня 1999 года быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграма дзеянняў па рэалізацыі яго палажэнняў. За час існавання праекта сфарміравана трывалая дагаворна-прававая база. Работа над саюзнай інтэграцыяй прадаўжаецца.

З якімі рэгіёнамі Расіі супрацоўнічае Дзятлаўшчына, расказала Вольга Жэлезоўская. Яна адзначыла, што Расійская Федэрацыя з’яўляецца галоўным гандлёва-эканамічным партнёрам нашай краіны, яе доля ў тавараабароце стабільна перавышае 60 %. Дзятлаўскім райвыканкамам 5 снежня 2017 года падпісана Пагадненне з Абаянскім раёнам Курскай вобласці аб устанаўленні і развіцці гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных сувязяў, у жніўні 2023 года падпісаны План мерапрыемстваў на 2023-2025 гады па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзятлаўскім райвыканкамам і адміністрацыяй Абаянскага раёна. Вольга Антонаўна падкрэсліла, што супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі ва ўмовах санкцый мае важкае значэнне для беларусаў. Напрыклад, экспарт прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна ў Расійскую Федэрацыю ў 2021 годзе складаў 43 %, у 2022 годзе – 76 %, а летась наогул 95 % – нашы прадпрыемствы пераарыентаваны на расійскі рынак збыту.

У Беларусі створана развітая сістэма аздараўлення, на Дзятлаўшчыне працуюць вядомыя санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”. Аб адпачынку ў здраўніцы гасцей з Расійскай Федэрацыі расказаў начальнік аддзела па рэалізацыі санаторна-курортных паслугаў санаторыя “Радон” Яўген Емяльянчык. Падкрэсліў, што магутнасць здраўніцы – 459 месцаў для дарослых і 97 – для дзяцей у аддзяленні “Баравічок”. Шырока выкарыстоўваюцца мінеральныя радонавыя воды і лячэбныя гразі возера Дзікае. Аказваецца каля 550 аздараўленчых і 500 дыягнастычных лячэбных паслугаў. Матэрыяльна-тэхнічная база забяспечвае ўсё неабходнае для камфортнага адпачынку на любы густ. У 2022 годзе сярод больш за 12 700 адпачывальнікаў у санаторыі былі 6044 расіяніны, у 2023 годзе сярод больш за 14 800 гасцей іх было 6402.

Супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Крупіца і Алена Якаўчык расказалі аб сумесным культурным праекце з грамадскай арганізацыяй Рэспублікі Комі, арганізацыі анлайн-выставы беларускай вышыўкі, а таксама экспанаванні ў Дзятлаве выставы “Музыка. Слова. Вобраз” маскоўскай мастачкі з комі-каранямі, іншых сумесных мерапрыемствах.

Уражаннямі ад свайго падарожжа на “Цягніку Памяці-2023” падзялілася навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасія Шавель і прадставіла тэматычны відэаролік.

У завочным фармаце ўдзельнікаў сустрэчы азнаёмілі з вынікамі беларуска-расійскага супрацоўніцтва навучэнцаў Новаяльнянскай сярэдняй школы і іх куратара – кіраўніка народнага школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамары Крывеня. Расказалі аб удзеле новаяльнянцаў у конкурсе даследчых работ “Расія і Беларусь: агульная гісторыя – агульны лёс” і выніках пошукавай работы па ўстанаўленні асабістых даных салдат, пахаваных на ваенных могілках гарпасёлка.

Такім чынам, супрацоўніцтва Беларусі з Расійскай Федэрацыяй з’яўляецца не толькі эканамічна ўзаемавыгадным, але і дапамагае захоўваць гістарычную памяць, узбагачае народы культурна і духоўна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga