Утрыманне “арміі” беспрацоўных не патрэбна дзяржаве і грамадству

Важнае Улада

Аб гэтым ішла размова ў час комплекснага прафілактычнага мерапрыемства, якое прайшло на базе Данілавіцкага сельвыканкама і ААТ “Граніт-Агра” з удзелам намесніка старшыні райвыканкама, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Вадзіма Бяляткі.

На пачатку сустрэчы ён зрабіў рэмарку аб тым, што ў Беларусі прадаўжаецца электаральная кампанія, фіналам якой стане адзіны дзень галасавання 25 лютага, калі адразу будуць выбірацца дэпутаты ўсіх узроўняў, ён папрасіў нагадаць аб гэтым жыхарам сельсавета. Таксама Вадзім Аляксандравіч засяродзіў увагу на тым, што ў інтэрнэт-прасторы варта быць асабліва ўважлівымі, ні ў якім разе выпадкова або наўмысна не падтрымліваць экстрэмісцкія каналы ў сацыяльных сетках і не распаўсюджваць такія матэрыялы ў віртуальнай прасторы, каб не атрымаць рэальныя праблемы з законам.

Да работы прыступілі савет грамадскага пункта аховы правапарадку пад кіраўніцтвам часова выконваючага абавязкі старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ігара Кухарэвіча і камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. На індывідуальны прыём былі запрошаны 16 грамадзян сельсавета, прыйшла палова, і кожны са сваёй шчырай гісторыяй аб складаных жыццёвых абставінах.

Парадаксальна тое, што пераважная большасць не занятых у эканоміцы грамадзян – далёка не старыя людзі, аднак некаторыя з іх ужо маюць у біяграфіі судзімасць ці знаходжанне ў ЛПП. Прычыны беспрацоўя розныя: адзін быццам бы даглядае недзеяздольных сваякоў, не пацвярджаючы гэты факт медыцынскім заключэннем; другі – у пошуках сябе і працы: паўгода ўжо ўладкоўваецца ў суседнім раёне, тым часам жывучы на ўтрыманні працуючай пажылой бабулі; трэці ўвогуле прытрымліваецца меркавання: “лепш магазін абрабую, але працаваць не буду”.

Аднак працаваць давядзецца, запэўнілі члены савета, або вернецца ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

– І ледзь не праз аднаго – рукі ў іх залатыя! – заступаюцца прадстаўнікі наймальнікаў за патэнцыяльных работнікаў. – Але стала трымацца за працу і жыць па-людску перашкаджае “беленькая”.

На жаль, гэтым разам зноў не абышлося без разгляду сямейных праблем, сярод якіх – неналежныя паводзіны бацькоў, якія хочуць вярнуць сваё дзіця назад у сям’ю, а таксама недапушчальнае ўцягванне падлетка ў бытавыя скандалы. Па ўсіх выпадках камісія прытрымліваецца адзінадушнага меркавання: самае важнае –абараніць інтарэсы дзяцей, нават калі ахоўваць іх давядзецца ад уласных бацькоў.

Усе, хто ў гэты дзень па добрай волі наведаў пасяджэнне савета, атрымалі не толькі ўшчуванне, але і шляхі вырашэння сваёй праблемы, канкрэтную прапанову працаўладкавання або вуснае накіраванне да нарколага. Хто праігнараваў запрашэнне, тым самым пагоршыў сваё становішча, усё адно не пазбегнуць адказнасці.

Як адзначылі члены камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, пасля такіх сустрэч многія прыязджаюць у Дзятлава па накіраванне на працу, медыцынскую камісію і нават паспяхова ўладкоўваюцца ў арганізацыі раёна. Праўда, надоўга ці да першай зарплаты?.. Час пакажа.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: