Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Праблемы ў дарослых, а гора дзецям

Важнае Грамадства

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнаны двое непаўналетніх хлопчыкаў.

“Гарачая” тэма

Дзеці з гэтай сям’і раней ужо прызнаваліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы. На жаль, у дарослых запалу весці нармальны і цвярозы лад жыцця хапіла ненадоўга. Для прафілактычнай размовы некалькі месяцаў таму іх выклікалі на пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18. Бацька прыйшоў “добра пасля ўчарашняга”, прынёс з сабой алкаголь, каб “зняць стрэс” пасля пасяджэння, схаваў яго ў сумачцы жонкі. Мужчына быў асведчаны, стан ап’янення пацверджаны медыкамі і адміністрацыйным пратаколам. Праўда, і гэта асабліва не паўплывала на паводзіны бацькоў. Яны прадоўжылі перыядычна злоўжываць алкаголем, не падтрымлівалі чысціню ў кватэры, часта дома адсутнічалі асноўныя прадукты харчавання, у пакоях бывала накурана – адным словам, сям’я не задавальняла асноўных патрэбаў дзяцей, ставіла пад пагрозу іх жыццё і здароўе. Спецыялісты службаў прафілактыкі былі вымушаны пачасціць свае візіты, аднак не заўжды маглі трапіць у кватэру, а калі гэта ўдавалася, заставалі там беспарадак, фіксаваліся і іншыя істотныя парушэнні. Напрыклад, у адзін з вечароў дома знаходзілася толькі маці, якая расказала, што сыны з бацькам пайшлі да сваяка, які жыве паблізу. Спецыялісты не паленаваліся зайсці па названым адрасе, аказалася, што мужчыны ўжывалі алкаголь. Педагогі школы і дзіцячага сада таксама пацвердзілі, што паўплываць на паводзіны дарослых ім ужо не ўдаецца. Члены камісіі па справах непаўналетніх былі вымушаны прыняць рашэнне аб прызнанні хлопчыкаў маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Каментарыі па тэме

Святлана Залучан, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:

– Рашэнне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне камісіяй па справах непаўналетніх прымаецца ў выпадку, калі ўстаноўлена, што бацькі (адзін з іх, які гадуе дзяцей) вядуць амаральны лад жыцця і аказваюць негатыўны ўплыў на непаўналетніх.  Пры гэтым дарослыя могуць быць хранічнымі алкаголікамі або наркаманамі ці якім-небудзь іншым чынам неналежна выконваць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, з-за чаго апошнія трапляюць у сацыяльна ненадзейнае становішча і далейшае іх знаходжанне ў біялагічнай сям’і можа пагражаць іх жыццю і здароўю.

У прыведзеным выпадку прычынай адабрання стала сістэматычнае невыкананне бацькамі сваіх абавязкаў па жыццезабеспячэнні сыноў. Умовы пражывання хлопчыкаў былі неналежныя з пункту гледжання гігіены і аховы здароўя: не выконваліся санітарна-гігіенічныя патрабаванні, не было неабходнага адзення і рэгулярнага харчавання, назіраліся іншыя парушэнні.

Аднак пераважнай прычынай адабрання дзяцей у біялагічных бацькоў з’яўляецца менавіта злоўжыванне спіртнымі напоямі. Калі звяртацца да лічбаў раённай статыстыкі, то ў 2023 годзе рашэнні камісіі аб прызнанні маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прымаліся ў адносінах да 18 дзяцей з 10 сем’яў. З іх толькі 10 хлопчыкаў і дзяўчынак былі вернуты кроўным бацькам, у адносінах да пяці дарослыя пазбаўлены бацькоўскіх правоў, лёс астатніх яшчэ не вырашаны і будзе залежаць ад таго, які выбар зробяць іх таты і мамы: на карысць сыноў і дачок ці алкаголю і сумніўных паводзінаў. Для параўнання: у 2022 годзе бацькоўскіх правоў на восем дзяцей былі пазбаўлены бацькі з чатырох сем’яў.

Што адбудзецца з гэтымі двума хлопчыкамі, якіх камісія прызнала маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне? Часова, не больш за шэсць месяцаў, яны будуць знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні ў сацыяльным прытулку. Сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі будзе распрацаваны і зацверджаны старшынёй райвыканкама план абароны іх правоў і законных інтарэсаў. З дарослымі будзе праводзіцца работа па ўхіленні прычынаў і ўмоваў, з-за якіх сыноў адабралі. Не пазней чым праз паўгода, пры ўмове выканання патрабаванняў плана, дзеці будуць вернуты ў сям’ю. Калі ж бацькі не памяняюць жыццё да лепшага, суд пазбавіць іх права на дзяцей. Па рашэнні органаў апекі, хлопчыкі будуць уладкаваны на сямейныя формы выхавання ці змешчаны ў дзіцячую інтэрнатную ўстанову.

Вадзім Бялятка, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх:

– Найбольш дзейсны метад прафілактыкі сямейнага недабрабыту – яго ранняе выяўленне і своечасовая прафілактычная работа з сям’ёй, пакуль яшчэ магчыма змяніць сітуацыю да лепшага. Для ранняга выяўлення на асаблівы ўлік з інфармаваннем камісіі па справах непаўналетніх бяруцца жанчыны з прыкметамі сацыяльнага недабрабыту яшчэ ў час цяжарнасці.

Таксама сярод асноўных крыніц выяўлення сямейнага недабрабыту – наведванне сем’яў з дзецьмі спецыялістамі службаў прафілактыкі – педагогамі, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, медыкамі. У апошнія гады адпрацавана яшчэ адна крыніца: аналіз прычынаў запазычанасці па камунальных плацяжах. У кожным раёне створаны аглядавыя камісіі, у саставе якіх – работнікі суб’ектаў прафілактыкі. Яны наведваюць домаўладанні жыхароў і сем’і з дзецьмі.

На ранняй стадыі канфлікты і іншыя праблемы ў вядомых ім сем’ях могуць заўважыць суседзі і знаёмыя. З насельніцтвам раёна ў гэтым кірунку праводзіцца тлумачальная работа, расказваем людзям, як дзейнічаць, калі яны ведаюць аб неналежным выканнані бацькамі абавязкаў па выхаванні дзяцей. Канчатковая мэта такой работы – захаваць сям’ю для дзіцяці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga