У памяці народнай. Важны маршрут

Галоўнае Грамадства

Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на Дзятлаўшчыне была прымеркавана раённая эстафета, удзельнікі якой ушанавалі памяць землякоў, загінулых у афганскай вайне і памерлых пасля вываду войскаў з Афганістана.

Сёлета яна складалася з 17 населеных пунктаў раёна, у тым ліку горада Дзятлава. Каб аддаць даніну павагі воінам, якія дастойна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак, у шлях адправіліся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, начальнік мабілізацыйнай групы райваенкамата Аляксандр Бургун, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Драгунскі і воіны-афганцы.

– З 1979 па 1989 год у Афганістане праходзілі ваенную службу 130 нашых землякоў, двое чалавек працавалі на грамадзянскіх пасадах, – расказаў Генадзь Суравец. – Сёння на Дзятлаўшчыне жывуць 65 воінаў-інтэрнацыяналістаў, для якіх кожны год 15 лютага ладзяцца раённыя мерапрыемствы. Разам з імі не забываем ушаноўваць памяць тых, каго няма з намі.

У кожным з пунктаў маршруту да дэлегацыі далучыліся старшыні мясцовых сельвыканкамаў, родныя памерлых. У Дварэцкім сельскім савеце прайшоў мітынг-рэквіем з удзелам мясцовай улады, навучэнцаў сярэдняй школы і настаяцеля храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы айца Сергія. Ён памаліўся за спачын душы памерлых і асвяціў магілы.

– Кожны з нас па-свойму прайшоў гэту вайну, з той пары штогод мы збіраемся ў Дзятлаве, каб пабачыцца, успомніць былыя гады, калі мы выконвалі заданне камандавання на тэрыторыі Афганістана, – узгадаў былы воін-інтэрнацыяналіст, жыхар аграгарадка Вензавец Васіль Юркавец. – Цяпер я ўжо пенсіянер і не прапускаю ні аднаго памятнага мерапрыемства ў раёне.

Яго таварыш са Скіпоравічаў, воін-афганец Аляксандр Альшэўскі гаворыць:

– З кожным годам нашы рады радзеюць, але памяць пра баявых таварышаў застаецца з намі. Мы верна служылі Радзіме, выконвалі свой воінскі абавязак і цяпер жывём, як належыць сапраўдным салдатам Айчыны, наведваем навучальныя ўстановы, прымаем запрашэнні на тэматычныя сустрэчы, расказваем аб гадах службы, сваім жыццём стараемся паказваць станоўчы прыклад падрастаючаму пакаленню.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga