Што рабіць з чэкамі і савецкімі ашчаднымі кніжкамі?

Важнае Улада

16 лютага асабісты прыём у будынку Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта правёў кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Іван Курман.

На прыём да Івана Іванавіча звярнуўся адзін жыхар райцэнтра. Мужчыну цікавілі некалькі пытанняў. Па-першае, ці можа ён скарыстацца сваімі чэкамі “Жыллё” і “Маёмасць”, што раней былі перааформлены на яго жонку, якая памерла некалькі месяцаў таму. Па-другое, ці рэальна атрымаць кампенсацыю за карт-рахункі, якія былі адкрыты яшчэ ў савецкі перыяд.

Магчымасці вырашэння першага пытання заяўніку патлумачыў намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Мудры. Агледзеўшы чэкі і дакументы аб іх перарэгістрацыі, ён вызначыў, што яны сапраўдныя. Аднак, каб імі скарыстацца, трэба выканаць пэўныя патрабаванні. Спачатку звярнуцца да натарыуса з заявай і на працягу паўгода з даты смерці жонкі ўступіць у права спадчыны. Калі гэта будзе зроблена, за чэкі “Маёмасць” у ААТ “ААБ Беларусбанк” можна набыць акцыі. А вось чэкі “Жыллё” мае права выкарыстаць толькі той уладальнік, які стаіць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Тады імі можна будзе “гасіць” частку плацяжу за будаўніцтва кватэры ці дома. Яшчэ, як варыянт, атрыманыя ў спадчыну абодва віды чэкаў можна праз натарыуса падарыць дзецям ці ўнукам.

Звяртаючыся да другога пытання заяўніка, Іван Курман адзначыў, што пакуль у нашай краіне парадак вяртання або пагашэння савецкіх укладаў не рэгламентаваны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga