Працаваць ці ехаць у ЛПП?

Важнае Улада

У Новаяльнянскім сельвыканкаме пад кіраўніцтвам яго старшыні Людмілы Радзевіч прайшло пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, сумешчанае з выязным пасяджэннем пастаянна дзеючай камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

У сустрэчы таксама прымалі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вадзім Бялятка, спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, прысутнічалі прадстаўнікі наймальнікаў – мясцовай школы і камбіната хлебапрадуктаў.

Мерапрыемства было скіравана на комплексную прафілактычную работу з жыхарамі сельсавета, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, не працуюць, некаторыя гадуюць непаўналетніх дзяцей, прызнаных у сацыяльна ненадзейным становішчы, трапілі ў поле зроку міліцыі за адміністрацыйныя правапарушэнні або маюць судзімасць, знаходзяцца на розных відах уліку. У кожнага з іх свая жыццёвая гісторыя і амаль ва ўсіх агульная бяда – злоўжыванне спіртнымі напоямі і з-за гэтага адсутнасць пастаяннага месца работы, “падарожжы” ад наймальніка да наймальніка найчасцей да “першай зарплаты”.

У час пасяджэння з імі была праведзена індывідуальная прафілактычная работа, абмяркоўваліся пытанні працаўладкавання, паводзінаў у грамадскіх месцах, захавання патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі, для бацькоў непаўналетніх – Дэкрэта № 18, іншыя.

Варта адзначыць, што, нягледзячы на магчымасць атрымаць рэальную інфармацыйную дапамогу і накіраванне на работу, а вакансій у базе дастаткова і выбар ёсць, мала хто імкнуўся трапіць на сустрэчу са спецыялістамі: з некалькіх дзясяткаў запрошаных прыйшлі 7 чалавек, прычым адзін з іх – замест сына, які, хочацца верыць, у гэты самы момант сапраўды праходзіў медыцынскі агляд для працаўладкавання.

Як высветлілася, “класічная схема” забеспячэння жыццёвых патрэбаў для многіх прыйшоўшых – існаванне за кошт пенсіі састарэлых бацькоў або сваёй “другой палавінкі”, выпадковых часовых заробкаў. У кожнага знайшлася ўласная “важкая” прычына ўзнікнення працяглага перыяду незанятасці – хвароба, зімовы сезон, не спадабалася ў ранейшага наймальніка, пакуль праходзіў медагляд – нанялі іншага.

Праўда, для некаторых востра паўстаў выбар – нарэшце ісці працаваць ці ехаць на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

У выніку кожны з прыйшоўшых атрымаў асабістыя рэкамендацыі і распісаўся ў дакументах аб яўцы. Які выбар зрабіць далей, ці пачаць мяняць сваё жыццё да лепшага – таксама кожны з іх вырашыць самастойна, а на падставе прынятых імі рашэнняў адказныя спецыялісты зробяць адпаведныя высновы паводле патрабаванняў заканадаўства.

“Завочна” былі разгледжаны жыццёвыя гісторыі адсутных, з імі работа таксама будзе прадоўжана.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: