Моладзь і выбары. “Будучыня ў руках маладых!”

Важнае Падзеі Улада

Пад такой назвай на Дзятлаўшчыне прайшла І фарсайт-сесія вучнёўскай палаты моладзевага парламента VII склікання пры раённым Савеце дэпутатаў.

Пляцоўкай для форуму грамадска актыўных школьнікаў стала Дзятлаўская раённая бібліятэка. Каб абмеркаваць дасягненні і акрэсліць далейшыя планы, з маладымі дэпутатамі сустрэліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, загадчыца аддзела раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Анжэла Грыб.

– Узнята важная тэма “Будучыня ў руках маладых!”, – задала тон размове Кацярына Хілімончык. – Аднак без мінулага і сучаснага яна немагчыма, таму мы павінны цаніць тое, што маем. Сёлета мы святкуем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы дзяды і прадзеды, часам цаною жыцця, заваявалі для нас мір і свабоду, якія мы абавязаны захаваць і памножыць, каб ужо нашы дзеці сказалі нам “дзякуй” за незалежнасць і поспехі Радзімы. Вы тыя, хто будзе берагчы і памнажаць дасягненні краіны, а для гэтага трэба сумленна працаваць, ставіць мэты і ажыццяўляць іх. Поспехаў вам на гэтым шляху!

Каардынатар дзейнасці моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Ірына Мішчанка расказала, што сярод задач І сесіі – заслухаць вынікі і ацаніць работу моладзевага парламента, як “сучаснай школы лідарства”. У справаздачны перыяд з удзелам кіраўніцтва і дэпутацкага корпусу раёна юныя парламентарыі Дзятлаўшчыны ладзілі дыялогавыя пляцоўкі, адкрытыя дыялогі, умацоўвалі супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі. На базе цэнтра дадатковай адукацыі паспяхова працаваў рэсурсны цэнтр, створаны па прынцыпе “цяпліцы” моладзевых ініцыятываў. Праект брэндзінгавага агенцтва “Зробім” у рамках ІХ рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект 6 школьнага дня на абласным этапе заняў І, а на рэспубліканскім ІІ месца ў намінацыі “Шосты дзень – ад ідэі да ўвасаблення”. Фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту атрымаў яшчэ адзін праект “цяпліцы” – “Стварэнне раённага музея дадатковай адукацыі, дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў”. Пастаянны пошук і ўкараненне ў практыку новых формаў і метадаў дазваляе мэтанакіравана вырашаць задачы парламенцкай дзейнасці, ставіць новыя мэты і ўдасканальваць работу над імі. Цяпер перад юнымі дэпутатамі стаіць задача па павышэнні прававой культуры моладзі, у тым ліку ў галіне выбарчага права. Вырашаць яе плануецца праз работу дыялогавых пляцовак, тэматычныя мерапрыемствы. Пэўны вопыт у гэтым кірунку школьнікі ўжо атрымалі і ў час кампаніі па выбарах вучнёўскай палаты моладзевага парламента VII склікання. Прадоўжыцца работа і над фарміраваннем у маладых дзятлаўчан эканамічна-граматнага тыпу мыслення, што мяркуецца рэалізаваць праз стварэнне камісіі па моладзевым прадпрымальніцтве, эканоміцы і інавацыйным развіцці.

Сесія прадоўжылася ў фармаце работы студыі “Ствараем!

 

Прапануем! Дзейнічаем!”. Са справаздачай аб сваіх сацыяльных праектах выступілі дэпутаты вучнёўскай палаты моладзевага парламента VII склікання пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў. Аляксандра Якшук з Новаяльнянскай сярэдняй школы праз праект “Лёс настаўніка ў лёсе роднага краю” пазнаёміла прысутных з біяграфіяй вядомай зямлячкі, заслужанай настаўніцы БССР, выдатніка адукацыі Аляксандры Шаўчук. Станіслаў Якаўчык расказаў, як у школе № 3 горада Дзятлава з ініцыятывы вучнёўскага самакіравання заснавана турыстычнае агенцтва па вывучэнні і павышэнні турыстычнай прывабнасці малой радзімы “#УРОК, або Узнавать_Родину_Обязан_Каждый”.

Праз работу лідар-студыі “Мы разам!” інтэнсіў “Цягнік Памяці: успаміны, эмоцыі, уражанні” правяла ўдзельніца аднайменнага беларуска-расійскага праекта, навучэнка сярэдняй школы № 3 Анастасія Шавель.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўрачыстае ўручэнне юным парламентарыям раёна пасведчанняў дэпутатаў.

З гэтай адметнай падзеяй іх жыцця юнакоў і дзяўчат павіншаваў Аляксандр Бараноўскі:

– У рамках дзейнасці моладзевага парламента мы вучым вас быць лідарамі, будучымі кіраўнікамі на вытворчасці, у арганізацыях, установах, адміністрацыі, магчыма, нехта дарасце і да кіруючых органаў краіны, бо сапраўды будучыня ў руках маладых. Хочацца, каб яна была шчаслівай. Для гэтага ў вас ёсць час і магчымасці, каб атрымаць якасную адукацыю і вопыт грамадскай дзейнасці. Спадзяюся, што яшчэ не раз пачую пра вашы дасягненні. Здароўя вам, актыўнасці, поспехаў!

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: