“Формула поспеху” ад члена Савета Рэспублікі Віктара Лісковіча

Важнае Грамадства

З рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Лісковіч.

Як куратар сферы, разам з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Марынай Лашкоўскай ён пабываў ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны, дзе з калектывамі і навучэнцамі старэйшых класаў у фармаце адкрытага дыялога правёў размовы на важныя жыццёвыя тэмы.

“Аўтограф на карце роднай Беларусі”

Першым прыпынкам рабочага маршруту стала гімназія № 1 горада Дзятлава. Ужо ў фае Віктар Андрэевіч спыніўся каля стэнда з партрэтамі вядомых і славутых выпускнікоў. Узгадаў, што ў свой час актыўна папулярызаваў ідэю стварэння інфармацыйных куткоў “Аўтограф на карце роднай Беларусі” і яна атрымала сваё ўвасабленне. Важна, каб вучні ведалі, ганарыліся і раўняліся на лепшых землякоў. Дарэчы, вядомым выпускніком гэтай установы з’яўляецца старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

Размову з гімназістамі сенатар пачаў з пытання, кім яны бачаць сябе ў дарослым жыцці. Выслухаўшы адказы, выказаў і ўласнае меркаванне, што “ідэальна спачатку атрымаць рабочую прафесію ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе, а пасля дашліфоўваць веды ў ВНУ”. Расказаў, што ў Беларусі ёсць магчымасць вучыцца па любым профілі і кірунку, аднак галоўнае – выбраць для сябе цікавую справу, каб ісці з ёю па жыцці, не менш важна, каб яна была карыснай для грамадства і роднай краіны.

Як станоўчы прыклад, Віктар Лісковіч прывёў уласную біяграфію. Расказаў, што родам ён з горада Кобрына Брэсцкай вобласці. У школьныя гады быў старшынёй піянерскай дружыны, затым – камсамольскай пярвічкі. Скончыў Гродзенскі медуніверсітэт, працаваў акушэрам-гінеколагам, узначальваў Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр, абараніў кандыдацкую дысертацыю, з’яўляецца аўтарам 8 манаграфій і сталькі ж вучэбных дапаможнікаў для медыцынскіх ВНУ, зацверджаных Міністэрствам адукацыі, напісаў больш за 350 навуковых работ. За той перыяд з яго дапамогай нарадзіліся на свет і “прайшлі праз яго сэрца” каля 43 тысяч немаўлят, а гэта насельніцтва амаль 2-х Дзятлаўскіх раёнаў. Ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктар Андрэевіч атрымаў Ордэн пашаны, мае медаль “За працоўныя заслугі”. У 2010 годзе па рашэнні аблвыканкама яго імя было занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці. Ён быў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, дэпутатам гарадскога, абласнога Саветаў дэпутатаў, Палаты прадстаўнікоў, а цяпер – член Савета Рэспублікі.

Гімназісты пацікавіліся ў сенатара, як стаць паспяховымі ў жыцці.

Ён адкрыў ім сваю “формулу” поспеху і кар’ернага росту: трэба старанна вучыцца, любіць сваю краіну і вельмі шмат працаваць.

Дзеці – шчасце сям’і і краіны

У дзіцячым садзе № 2 Віктар Лісковіч пазнаёміўся з выхаванцамі і заспеў заняткі метадычнага аб’яднання настаўнікаў-дэфектолагаў у групах інтэграванага навучання і выхавання.

У дзіцячым садзе № 1 агледзеў, як ідзе капрамонт харчблока. Для педагогаў дашкольнай адукацыі ад яго прагучаў слушны пасыл:

– З ранняга ўзросту вы павінны навучыць дзяцей разумець галоўныя каштоўнасці: важнасць міру, сям’і, дзяцей, павагі да старэйшых і пераемнасці пакаленняў. Яшчэ неабходна помніць, што ні адна сям’я, ні адна краіна не можа быць моцнай і шчаслівай без дзяцей.

Чаму варта ўступаць у грамадскія аб’яднанні?

Таксама адбыліся сустрэчы з педагогамі і вучнямі сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава. З імі быў прадоўжаны дыялог на важныя тэмы. Юных дзятлаўчан сенатар заклікаў актыўней займацца грамадскай работай, бо на гэтай ніве заўжды можна праявіць сябе і быць карыснымі соцыуму. Закрануў і тэму грамадскіх аб’яднанняў, буйнейшым з якіх на сёння з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

– У нашай краіне налічваецца каля 4 мільёнаў членаў прафсаюза. Гэта самая маштабная арганізацыя, якая прадстаўляе інтарэсы работнікаў розных галінаў, абараняе іх правы, клапоціцца пра бяспеку, займаецца турыстычнай дзейнасцю, – расказаў ён.

Не абышоў увагай Віктар Лісковіч і Год якасці ў Беларусі.

– Усё робіцца і “прыходзіць” толькі праз працу, а яна павінна быць якаснай, каб “беларускі прадукт” цанілі і жадалі набываць не толькі суайчыннікі, але і грамадзяне іншых краін. Яшчэ Год якасці – гэта пра нашы асабістыя адносіны да ўсяго, што мы робім, – упэўнены сенатар.

Прыемнай выдалася сустрэча Віктара Лісковіча з мінулагодняй удзельніцай патрыятычнага міжнароднага праекта “Цягнік Памяці”, адным з куратараў якога ён з’яўляўся, адзінаццацікласніцай сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасіяй Шавель. А ў школьным музеі “Вытокі” намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Шавель расказала сенатару, якое прадаўжэнне атрымала работа над праектам “Ліпічанскі Сусанін”.

Палітыка сацыяльнай абароненасці як факт

У Новаяльнянскай сярэдняй школе Віктара Лісковіча ўразіла сувенірная прадукцыя з лёну з нацыянальным каларытам, вырабам якой пад кіраўніцтвам Галіны Сенатар займаюцца ўдзельнікі школьнай бізнес-кампаніі.

У Казлоўшчынскай сярэдняй школе, рэканструкцыя якой ішла ў некалькі этапаў і якой Віктар Андрэевіч надаваў шмат увагі, бо на той час з’яўляўся намеснікам старшыні аблвыканкама, ён упэўніўся, наколькі камфортныя і спрыяльныя ўмовы для вучняў тут створаны. Пабываў і ў трох школьных музеях.

Выступаючы на адкрытым дыялогу, ён канстатаваў той факт, што ў гэтай установе на справе рэалізавана “палітыка сацыяльнай абароненасці нашых грамадзян дзяржавай, асабліва падрастаючага пакалення”.

Сярод уражанняў ад наведвання Дзятлаўшчыны Віктар Лісковіч назваў чысціню і дагледжанасць школ і дзіцячых садоў і тое, што тут працуюць людзі, якія любяць свой раён, вобласць, краіну.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga